Прымакі

Купала Янка

Купала Янка - Прымакі скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать
Сцэнічны жарт у адным акце

Асобы

М а к с і м К у т а с.

П а л а н е я – яго жонка.

М а ц е й к а – іх сын.

Т р а х і м С і н і ц а.

Д а м і ц э л я – яго жонка.

К а ц я р ы н к а – іх дачка.

У р а д н і к.

С о ц к і.

С я л я н е, с я л я н к і.

Дзея адбываецца ў часе, калі былі манаполькі, на другі дзень Сёмухі, у хаце Трахіма Сініцы.

З'ява I

Максім адзін.

М а к с і м (ляжыць на ложку і разглядаецца па хаце). Цьфу, каб цябе паляруш! Куды мяне, самдзеле, загнала нядобрае? Ці гэта я жыву, ці гэта я не жыву, ці гэта я толькі сон сню? Папрабую сам сабе па носе стукнуць, ану ж пазнаю, на каторым я свеце. (Ударае сябе па твары рукой.) Ай, баліць, каб цябе немач! Значыцца, я на гэтым свеце і нават не сплю. Але як тут споўзаць па розум да галавы і навясці спраўку, куды мяне ліхаманка з сваёй хаты перавалакла? Бо ж такі хата гэта не мая, як сабе, мае міленькія, хочаце. У маёй хаце павуцінне па ўсіх чатырох кутках, а тут бачу толькі на трох... У маёй – абразы: Юры на белым кані з доўгаю пікаю і Мікола ў бляшанай шапцы; а тутака, праўда, Юры ёсць, але на месцы Міколы вісіць «Страшны суд». Брр! Які ён, самдзеле, страшны, гэты «Страшны суд»! I давялося ж мне папасці ў хату з гэтым судом страшным! Пачакайце! Як гэта выйшла? Учора была, здаецца, нядзеля? Так, такі ж нядзеля, ды першая ў гэтым тыдні. Раніцай еў бліны. Пасля спаў да паўдня; устаўшы, паабедаў ды йзноў хацеў легчы, але тут і выйшла закаклюка. Мая Паланея, як распаланелася на ўсю сваю моц, дык і сон мой прапаў аж да часу, калі я – ужо не помню як – апыніўся на гэтым вось чужым ложку. Дзе ж! Трэба ведаць! Прычапілася – канечна, каб я вёў кабылу пасвіць. Найшла пастуха! Я кажу – не павяду! Яна кажа – павядзеш! Я кажу – не мяшайся ў маю гаспадарку! А яна і паехала-паехала: а ты сякі-такі, а ты – ламака, а ты абібока, а ты... а ты! Каб цябе не знала, а пайшла за Трахіма Сініцу, як ён да мяне сватаўся, дык бы паняй была, а за табой, дурнем... Як сказала яна «дурнем», ну дык, мае міленькія, хто ж гэта вытрымае? Калі б хто і папраўдзе быў дурань, дык не засмакуе, каб яму ў вочы гэткі чын давалі – ды яшчэ хто? Родная-раднюсенькая жонка! Ну, як яна, значыцца, сказала, самдзеле, дурань, дык мяне аж за самыя вантробы забрала. Усхапіўся я, самдзеле, з ложка, адшпіліў дзягу і ўжо думаю сабе... А яна – не тут успамінаючы, не дзяга, а мая жонка – вазьмі ды схапі мешалку. Ох, мае міленькія! Сам Люцыпар, відаць, выдумаў гэтыя мешалкі, як падсоўваў нябожчыцы Еве яблыкі ў раі. Бо дайце ж рады! Паліў я гэта яе – значыцца, мешалку, а не Еву – колькі раз, на добрыя кусочкі сек, і ўсё роўна: як прыйдзе што да чаго, дык – на табе, і ёсць! I каб цябе ліхаманка, яшчэ выдумалі стаўляць гэтыя мешалкі ў качарэжніку, каля парога. Значыцца, як угледзеў я, што мая баба бярэ гэты – згінь-прападзі! – пісталет бярозавы, ну, а я... што ж я? Бачу, што непераліўкі, схапіў бравэрку пад пахі і, трымаючыся за паясніцу, – гэта, каб не спутала мяне самая патрэбная рэч, – ды гэтак: скакель праз акно! Балазе што хоць было адчынена. Не думайце, мае міленькія, што гэта я з перапугу задаў так лататы. Гэта я так сабе, як вам сказаць, на далікатны манер пусціўся. Я ж, як самі бачыце, пэўна што яе не баюся. Ды што ж бы было, каб даведаліся суседзі, што я ў сваёй аздабулькі пад хвартухом сяджу? Я не такі трус, як гэты Трахім Сініца: чуць яго Даміцэля мешалкай памсціцца, дык ён са страху аж дрыжыць. Ну, значыцца, як гэта я спакойна сабе выбег з хаты, узяў ды пайшоў памаленьку на сяло. Дзягу на сваім месцы замацаваў, бравэрку на плечы накінуў – гэта, значыцца, каб форсу больш было, – іду сабе па вуліцы, як нішто ні ў чым. Падходжу пад манапольку, глядзь – сядзіць мой Трахімка Сініца на ганку і трымае паўквартачкі ў руках, – гарэлачка й шкло аж пераліваюцца на сонцы! «А мой жа Кутасок! – гэтак ён да мяне: – садзіся, кумочак-галубочак! А то я думаў-думаў, з кім бы гэту палавінку ды яшчэ на палавінку перакрышыць?» Ну, а я, канечна, чалавек натуры няўпарчывай: чаму ж, думаю сабе, ад добрага суседа ласкі не прыняць? (Пазяхае.) Ха-ха-ха! Нешта зноў спаць хочацца. (Сонна.) Селі мы гэтак сабе – я і Трахімка – асушылі паўквартачкі – адну, другую, трэцюю. Сядзелец – каб яму і ў пекле здароўе было ды панаванне – вельмі падатлівы ў нас: і ў нядзельку гарэлачкай таргуе, хоць гэта, кажуць, закон і забараняе. Вось цяпер, значыцца, і не помню, як я ў гэту не ў сваю хату папаў. Ведаю, што за нешта рукі пабілі, барыш нейкі пілі, цалаваліся. Трахімка слязу пусціў, і я не вытрываў, размасліўся, а там.... а там, хаця лопні, нічога не ведаю!.. (Праз сон.) Можа, як засну, дык прысню, хто я і дзе я?..

З'ява II

Максім, Кацярынка.

К а ц я р ы н к а (адзеўшыся па-святочнаму, у руках кветкі і з кветак вяночак на галаве; убягае у хату, напяваючы).

Ой, чуць, маці, чуць, Дзе малойцы п'юць! Вясёлая там вуланька, Куды яны йдуць. А знай, маці, знай, Дачку замуж дай! Не дай мяне за п'яніцу, – После ж будзе жаль. Дачушка мая, Родная мая, Шукай сабе, выглядывай – Яшчэ ж малада! Матулька мая, Родная мая! Я й шукала, выглядала I ўжо выбрала.

(Круціцца перад люстэркам і прышпільвае да грудзей кветкі.) Ха-ха-ха! Якраз як маладая да шлюбу, сягоння я паднядзелілася! Як убачыць Мацейка, дык ота ж уцешыцца! Ох, і ўмее ж ён абнімацца і цалавацца! А каб было каму? Ці даўно разам у бабкі гулялі і ў поле ганялі, а ўжо – на табе! За дзявочымі спадніцамі так і бегае як падсмалены. I нячысцікяго ведае, адкуль гэта ўсё ў яго бярэцца? Так абніме, так да грудзей прыцісне, ажно неяк млосна-млосненька робіцца. А як пачне цалаваць і цалаваць без канца, дык, даліпантачкі, твар гарыць, проста, як хто яго крапівой высек. Ох, Мацейка, Мацейка! Штосьці зашчыльна ты ка мне прыліпаеш, каб не наварылі гэтак мы з табой якой саладухі. (Максім храпе.) Ай, гэта ж тата на ложку! А я думала, што ўжо пайшоў. Ну, добра, што хоць спіць, як апошняе ў печ усыпаўшы, а то былj б паранкі і мне, і Мацейку за такую маю гутарку. (Далей круціцца перад люстэркам, прымярае, як лепей, вянок і напявае.)

У гародзе качка, За гародамкачка. Любіць, любіць мой міленькі, Хоць я не дварачка! У гародзе мята, За гародам мята. Любіць, любіць мой міленькі, Хоць я не багата! У гародзе птушка, За гародам птушка. Любіць, любіць мой міленькі, Хоць я не падушка! У гародзе вішня, Ля вішні – чарэшня. Любіць, любіць мой міленькі, Хоць я не яешня!
Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.