Гісторыя кахання

Сигал Эрик

Сигал Эрик - Гісторыя кахання скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

1

Што можна сказаць пра дзяўчыну, якая памерла ў дваццаць пяць гадоў?

Што яна была прыгожая. І разумная. Што яна любіла Моцарта і Баха. І «Бітлз». І мяне. Аднаго разу, калі яна знарок зваліла мяне ў адну груду з усімі гэтымі музыкамі, я спытаўся, які ж у гэтай грудзе парадак, і яна адказала, усміхнуўшыся: «Альфабэтны». Тады я таксама ўсміхнуўся. А цяпер сяджу і гадаю, як я значыўся ў яе спісе: калі па імені, дык ішоў следам за Моцартам, а калі па прозвішчы, дык укліньваўся паміж Бахам і «Бітлз». У любым выпадку першым не апынуўся б. Дурнота, мабыць, але гэта не дае мне спакою — я ж вырас з думкаю, што заўсёды мушу быць першы. Гэта сямейнае, разумееце?

На апошнім курсе, з самае восені, я зачасціў у бібліятэку Рэдкліфскага каледжа. І не толькі дзеля таго, каб пазыркаць на дзяўчат, хоць, прызнаюся, быў да гэтага аматар. Проста месца гэтае было ціхае, ніхто мяне там не ведаў, і попыт на кнігі ў іх быў меншы.

Да чарговага іспыту па гісторыі заставаўся адзін толькі дзень, а я яшчэ не зазіраў нават у першую кнігу прапанаванага спіса — звычайная гарвардская хвароба. Я падышоў да бібліятэчнай стойкі, каб атрымаць фаліянт, які павінен быў выручыць мяне назаўтра ўранку. Абслугоўвалі дзве дзяўчыны. Адна высокая, з фігураю тэнісісткі, другая — мышка ў акулярах. Я выбраў Крахатулю-Чатыры Вочкі.

— У вас ёсць «Схіл сярэднявечча»? — спытаўся я.

Яна кінула на мяне хуткі позірк:

— У вас жа ёсць свая бібліятэка.

— Паслухайце, гарвардцы маюць права карыстацца Рэдкліфскай бібліятэкай.

— Я кажу не аб праве, падрыхтунчык, я кажу пра этыку. У вас, хлопчыкі, пяць мільёнаў тамоў. А ў нас толькі некалькі тысяч.

Божа, нарваўся! Адна з тых кабетак, якія думаюць, што раз у Рэдкліфе ў пяць разоў болей студэнтак, чым у Гарвардзе, дык яны ў пяць разоў разумнейшыя. Звычайна я сціраў такіх у парашок, але цяпер мне пазарэз трэба была гэтая клятая кніжка.

— Паслухай, мне трэба гэта кніжка!

— Падбірай словы, падрыхтунчык.

— З чаго ты ўзяла, што я хаджу на падрыхтоўку?

— А ў цябе на твары напісана — багаты і не дужа разумны, — сказала яна, здымаючы акуляры.

— Памылілася, дзетка, — парыраваў я. — Я разумны і бедны.

— Э, не, падрыхтунчык. Гэта я бедная і разумная.

Яна так і ўтупілася ў мяне. Вочы ў яе былі карыя. Няхай, можа, з выгляду я і багацей, але я не дазволю нейкай нахабе, нават калі ў яе прыгожыя вочы, называць мяне дурнем.

— А з чаго гэта відаць, што ты такая разумная? — спытаўся я.

— Ды хоць бы з таго, што я ніколі не пайшла б з табою ў кавярню.

— Паслухай: я цябе туды ніколі і не запрасіў бы.

— А вось з гэтага, — адказала яна, — якраз і відаць, што ты не дужа разумны.

Зараз растлумачу, чаму я ўсё-такі запрасіў яе ў кавярню. Хітрамудра капітуляваўшы ў крытычны момант — прытварыўшыся, што мне раптам захацелася выпіць з ёю кавы, — я атрымаў сваю кнігу. А паколькі яна не магла пайсці да закрыцця бібліятэкі, я меў дастаткова часу, каб засвоіць некалькі важкіх фраз аб перамяшчэнні апоры каралеўскае ўлады з духавенства на законнікаў у канцы адзінаццатага стагоддзя. На іспыце я атрымаў «А» [1] з мінусам — якраз тую адзнаку, што даў я нагам Джэні, калі яна ўпершыню выйшла з-за стойкі.

Не магу сказаць, што я гэтаксама высока ацаніў яе касцюм — задужа кідкі, як на мой густ. Асабліва не спадабалася сумка — нейкая торба ў індзейскім стылі. На шчасце, я не сказаў ёй пра гэта — потым я даведаўся, што торба была яе ўласнай прыдумкаю.

Мы пайшлі ў «Гном» — маленькую кавярню-бутэрбродную, куды, нягледзячы на назву, пускалі і людзей звычайнага росту. Я замовіў дзве кавы, а ёй яшчэ і шакаладнае пірожнае з марозівам.

— Мяне завуць Джэніфэр Кавілеры, — сказала яна. — Я амерыканка італійскага паходжання.

Усё роўна як я сам не здагадаўся б.

— Я займаюся музыкай, — дадала яна.

— Мяне завуць Олівэр, — сказаў я.

— Гэта імя ці прозвішча? — папыталася яна.

— Імя, — адказаў я, а потым прызнаўся, што маё поўнае імя — дакладней, большая яго частка — Олівэр Барэт.

— О, — усклікнула яна, — Барэт!.. Як у паэткі [2] ?

— Як у паэткі, — пацвердзіў я. — Але мы не радня.

Я парадаваўся ў душы, што яна не задала звыклага і вельмі непрыемнага мне пытання: «Барэт? Як Барэт-хол?» Я ж цярпець не мог, калі мне нагадвалі, што я з радні «чувака», які пабудаваў Барэт-хол — сама вялікі і сама брыдкі будынак у Гарвардскім універсітэцкім гарадку, каласальны помнік нашаму сямейнаму багаццю, фанабэрыстасці і нязноснаму гарвардызму.

Запала маўчанне. Няўжо мы так хутка вычарпалі тэмы для размовы? Ці яна страціла цікавасць да мяне, даведаўшыся, што я не даводжуся паэтцы раднёю? Што ж здарылася? Яна проста сядзела і з ледзь прыкметнай усмешкаю глядзела на мяне. Каб чым-небудзь заняцца, я пачаў гартаць яе сшыткі. У яе быў дзіўны почырк — дробны, завостраны, без загалоўных літараў (кім яна сябе ўяўляе — можа, Камінгсам [3] ?).

Сярод курсаў, на якія яна хадзіла, былі даволі арыгінальныя: «Гіст. сусв. літры-105», «Музыка-150», «Музыка-201»…

— «Музыка-201»? Хіба гэта не аспіранцкі курс?

Яна з відавочным гонарам кіўнула:

— Поліфанія эпохі Рэнесансу.

— Што такое поліфанія?

— Нічога сексуальнага, падрыхтунчык.

І чаго гэта я ўсё цярплю? Яна што, «Крымсан» не чытае? Не ведае, хто я такі?

— Эй, ты што, не ведаеш, хто я такі?

— Ведаю. Ты той маладзён, якому належыць Барэт-хол, — сказала яна без аніякай пашаны.

Яна сапраўды не ведала, хто я.

— Мне не належыць Барэт-хол, — паспрабаваў пажартаваць я. — Здарылася так, што мой вялікі прадзед падарыў яго Гарварду.

— Каб ягонага не такога вялікага праўнука прынялі туды без праблем!

Гэта ўжо занадта!

— Паслухай, Джэні, калі ты такая ўпэўненая ў маёй нявартасці, дык навошта ж тады напрасілася пайсці са мною ў кавярню?

Яна паглядзела мне ў самыя вочы і ўсміхнулася:

— Мне спадабалася твая фігура.

Калі хочаш перамагаць — павінен умець прайграваць. І гэта не заблытаны парадокс. Гэта тыпова гарвардская рыса — здольнасць ператварыць у перамогу любое паражэнне.

«Не пашанцавала вам, Барэт. Але гулялі вы файна!»

«Дальбог, я рады, што вы не раскіслі, хлопцы. Вы ж так не любіце прайграваць!»

Вядома, чыстая перамога — прыямнейшая. Асабліва калі вырвеш яе на апошняй хвілі… Словам, праводзячы Джэні да інтэрната, я ўсё яшчэ не траціў надзеі перамагчы гэтую рэдкліфскую калючку.

— Паслухай, калючка, у пятніцу ўвечары хакейны матч у Дартмуце.

— І што з таго?

— Я хачу, каб ты яго паглядзела.

Яна адказала са звычайнай для Рэдкліфа пашанаю да спорту:

— А чаму я павінна глядзець нейкі няшчасны хакейны матч?

— Таму што я буду гуляць, — нібы абыякава адказаў я.

Настала маўчанне. Мне здалося, я чую, як падае снег.

— А за каго? — папыталася яна.

2

Олівэр Барэт IV,

Іпсвіч, Масачусэтс

Узрост: 20 гадоў

Рост: 5 футаў 11 цаляў; вага: 185 фунтаў

Каледж: Філіпс Эксэтэр

Курс: выпускны

Асноўная дысцыпліна: грамадскія навукі

Будучая спецыяльнасць: юрыспрудэнцыя

У спісе дзесяці лепшых на курсе: 1961, 1962, 1963.

Да гэтага моманту Джэні пэўна ўжо прачытала маю біяграфію: я тройчы нагадаў Віку Клэйману, нашаму менеджэру, каб ён перадаў ёй праграмку.

— Дальбог, Барэт, — сказаў ён мне адразу, — можна падумаць, у цябе першае дзяўчо!

— Заткніся, Вік, а то сваімі зубамі падавішся!

На размінцы я не памахаў ёй рукою (яшчэ чаго не хапала!). Нават у яе бок ні разу не глянуў. І ўсё-такі яна, мабыць, думала, што я пазіраю на яе. Не з павагі ж да сцяга зняла яна акуляры, калі выконвалі нацыянальны гімн?

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.