Чалавек-невідзімка

Уэллс Герберт

Уэллс Герберт - Чалавек-невідзімка скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

Раздзел I. З'яўленне незнаёмца

Незнаёмец з'явіўся ў пачатку лютага; у той марозны зімовы дзень бушавалі вецер і завіруха — апошняя завіруха ў гэтым годзе, аднак ён прыйшоў з чыгуначнай станцыі Брэмблхерст пяшком; у руцэ, абцягнутай тоўстай пальчаткай, ён трымаў невялікі чорны сакваяж. Ён быў захутаны з галавы да пят; шырокія палі капелюша хавалі ўвесь твар, віднеўся толькі бліскучы кончык носа; плечы і грудзі былі ў снезе, таксама як і сакваяж. Ён увайшоў у карчму «Кучар і коні», ледзьве перастаўляючы ногі ад холаду і знямогі, і кінуў сакваяж на падлогу.

— Агню! — крыкнуў ён. — У імя чалавекалюбства! Пакой і агню! — Ён строс з сябе снег і пайшоў за місіс Хол у прыёмную, каб абгаварыць умовы. Размова была кароткая. Кінуўшы ёй два савярэны, незнаёмец пасяліўся ў карчме.

Місіс Хол запаліла камін і пакінула свайго госця, каб уласнаручна згатаваць яму абед. Раздабыць у Айпінгу зімой пастаяльца, ды яшчэ такога, які не таргуецца, гэта была нечуваная ўдача, і місіс Хол вырашыла паказаць сябе вартай шчаслівага выпадку, які выпаў на яе долю.

Калі вяндліна падсмажылася, а Мілі, вечна сонная служанка, выслухала некалькі знішчальна-з'едлівых заўваг (што, відаць, павінна было падагнаць яе энергію), місіс Хол панесла ў пакой прыезджага абрус, посуд і шклянкі і пачала з асаблівым шыкам сервіраваць стол. Агонь весела трашчаў у каміне, але прыезджы — да найвялікшага яе здзіўлення — да гэтага часу не зняў капелюша і паліто. Ён стаяў спіной да яе, глядзеў у акно, за якім падаў снег. Рукі яго, усё яшчэ ў пальчатках, былі закладзены за спіну, і ён, здавалася, аб чымсьці глыбока задумаўся. Гаспадыня заўважыла, што расталы, снег капае з яго плячэй на дыван.

— Дазвольце, судар, ваша паліто і капялюш, — звярнулася яна да яго, — я аднясу іх на кухню і павешу прасушыць.

— Не трэба, — адказаў ён, не паварочваючыся.

Яна падумала, што недачула, і ўжо гатова была паўтарыць сваю просьбу.

Незнаёмец павярнуў галаву і паглядзеў на яе цераз плячо.

— Я лічу за лепшае не знімаць іх, — заявіў ён.

Тут гаспадыня заўважыла, што ён носіць вялізныя сінія акуляры-кансервы і што ў яго густыя бакенбарды, якія закрываюць твар.

— Добра, судар, — сказала яна, — як вы сабе хочаце. Пакой зараз нагрэецца.

Незнаёмец нічога не адказаў і зноў павярнуўся да яе спіной. Бачачы, што размова не клеіцца, місіс Хол паспешна накрыла на стол і выйшла з пакоя. Калі яна вярнулася, ён па-ранейшаму стаяў каля акна, быццам каменная статуя, з паднятым каўняром і загнутымі ўніз мокрымі палямі капелюша, якія закрывалі твар і вушы. Яна паставіла на стол яечню і амаль крыкнула:

— Сняданак пададзены, судар!

— Дзякую вам, — адказаў ён адразу ж, але не скрануўся з месца, пакуль яна не зачыніла за сабой дзверы. Тады ён крута павярнуўся і хутка падышоў да стала.

Апынуўшыся на кухні, гаспадыня пачула гук, які мерна паўтараўся. «Чырк, чырк, чырк», — чыркала лыжка па талерцы.

— Ах, вось жа гэтае дзяўчо! — сказала місіс Хол. — А я і забылася! Ну і валаводніца! — Яна ўзялася сама расціраць гарчыцу і выказала некалькі кепікаў у адрас Мілі за яе незвычайную марудлівасць. Сама яна паспела падсмажыць яечню з вяндлінай, накрыць на стол, зрабіць усё, што трэба, а Мілі — ну і памочніца! — пакінула госця без гарчыцы. А ён толькі прыехаў і жадае, відаць, тут пажыць. Пабурчэўшы, місіс Хол напоўніла гарчычніцу і, паставіўшы яе, не без некаторай манернасці, на чорны з золатам чайны паднос, панесла ў прыёмную.

Яна пастукала і адразу ж увайшла. Пры яе з'яўленні незнаёмец зрабіў рэзкі рух, і яна ўсё ж паспела заўважыць нешта белае, якое мільганула над сталом. Ён, здаецца, штосьці падбіраў з падлогі. Яна паставіла гарчычніцу на стол і тут жа прыкмеціла, што паліто і капялюш госця вісяць на стуле перад камінам, а на стальной рашотцы стаіць пара мокрых чаравікаў. Рашотка, вядома, заржавее. Місіс Хол рашуча наблізілася да каміна і заявіла тонам, які не дапускаў пярэчанняў:

— Цяпер, я думаю, можна ўзяць вашы рэчы і прасушыць.

— Пакіньце капялюш, — сказаў прыезджы глухім голасам. Павярнуўшыся, яна ўбачыла, што ён выпрастаўся і глядзіць на яе.

З хвіліну яна стаяла вылупіўшы вочы і знямеўшы ад здзіўлення.

Ніжнюю частку твару ён прыкрываў чымсьці белым — сурвэткай, якую ён прывёз з сабой, — ні яго рота, ні сківіцаў не было бачна. Таму і голас прагучаў так глуха. Але не гэта ўразіла місіс Хол. Лоб незнаёмца, пачынаючыся ад краю сініх акуляраў, быў абвязаны белым бінтам, а другі бінт закрываў яго вушы, непрыкрытым заставаўся толькі ружовы востры нос. Нос быў такі ж ружовы і бліскучы, як у тую хвіліну, калі незнаёмец з'явіўся ўпершыню. Апрануты ён быў у карычневую аксамітавую куртку; высокі чорны каўнер, падшыты палатном, быў падняты. Густыя чорныя валасы, выбіваючыся з-пад перакрыжаваных бінтоў, тырчалі пучкамі ў розныя бакі і надавалі незнаёмцу надзвычай дзіўны выгляд. Гэтая захутаная і забінтаваная галава так ашаламіла місіс Хол, што ад нечаканасці яна на хвіліну здранцвела.

Ён не адняў сурвэтку ад твару і, па-ранейшаму прытрымліваючы яе рукой у карычневай пальчатцы, глядзеў на гаспадыню праз непранікальныя сінія акуляры.

— Пакіньце капялюш, — зноў гугнява сказаў ён праз сурвэтку.

Місіс Хол, ачуўшыся ад спалоху, паклала капялюш на стул перад камінам.

— Я не ведала, судар… — пачала яна, — што… — і збянтэжана замоўкла.

— Дзякую вам, — сказаў ён суха, пераводзячы позірк ад яе да дзвярэй і назад.

— Я зараз усё высушу, — сказала яна і панесла з сабою вопратку госця. Каля дзвярэй яна зноў паглядзела на яго белую забінтаваную галаву і непранікальныя акуляры; ён усё яшчэ прыкрываў рот сурвэткай. Выходзячы з пакоя, яна ўсё дрыжала, і твар яе красамоўна сведчыў аб поўным замяшанні.

— У жыцці сваім… — прашаптала яна. — Ну і ну!

Яна ціха вярнулася на кухню і нават не спыталася ў Мілі, з чым тая цяпер важдаецца.

Незнаёмец тым часам прыслухоўваўся да крокаў гаспадыні, якія паступова заціхалі. Перш чым адкласці сурвэтку і зноў узяцца за ежу, ён запытальна паглядзеў у акно, потым падняўся і, трымаючы сурвэтку ў руцэ, падышоў і апусціў штору да белай фіранкі, якая прыкрывала ніжнюю частку акна. У пакоі запанаваў прыцемак. Крыху заспакоены, ён вярнуўся да стала і працягваў свой сняданак.

— Небарака, ён разбіўся, ці яму зрабілі аперацыю, ці яшчэ што-небудзь, — сказала місіс Хол. — Увесь перавязаны, нават глядзець страшна!

Яна падкінула вугалю ў печку, паставіла козлы для сушкі вопраткі і паклала на іх паліто прыезджага.

— А акуляры! Ды што казаць, вадалаз нейкі, а не чалавек. — Яна павесіла на козлы яго шалік. — А твар закрывае анучай! І гаворыць праз яе! Можа, у яго рот таксама баліць!

Тут яна рэзка павярнулася, мусіць, раптам успомніўшы аб чымсьці вельмі важным.

— Божа! — усклікнула яна. — Мілі! Няўжо блінчыкі яшчэ не гатовыя?

Калі місіс Хол увайшла ў прыёмную, каб прыбраць са стала, яна ўбачыла новае пацвярджэнне сваёй здагадцы, што рот незнаёмца знявечаны няшчасным выпадкам: незнаёмец курыў люльку, і за ўвесь час, пакуль яна знаходзілася ў пакоі, ні разу не адсунуў шоўкавую хусцінку, якой была абвязана ніжняя частка яго твару, і не ўзяў мундштук у рот. Хаця ён не забыўся пра сваю люльку, бо місіс Хол заўважыла, што ён паглядвае на тытунь, які тлеў марна. Ён сядзеў у кутку, спіной да апушчанай шторы; падмацаваўшыся і сагрэўшыся, ён, відавочна, адчуваў сябе лепш і размаўляў ужо не так адрывіста і раздражнёна. У чырванаватым водбліску агню яго вялізныя акуляры як быццам бы ажылі.

— У мяне застаўся такі-сякі багаж на станцыі Брэмблхерст, — сказаў ён. Выслухаўшы адказ, ён ветліва нахіліў сваю забінтаваную галаву. — Толькі заўтра! — сказаў ён. — Няўжо нельга раней? — І вельмі засмуціўся, калі яна адказала, што нельга. — А можа, усё ж знойдзецца хто-небудзь, хто б з'ездзіў з павозкай на станцыю?

Місіс Хол ахвотна адказала на пытанні, спадзеючыся такім чынам разгаварыць яго.

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.