Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Алексиевич Светлана Александровна - Зачараваныя смерцю скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

Ад аўтара, альбо Пра бяссілле слова і пра тое ранейшае жыццё, якое называлася сацыялізмам

Я пішу гэтую прадмову, калі на стале ўжо ляжыць гатовы рукапіс. Крычыць, галосіць, плача… Я чую галасы… Не хор, як гэта было раней, а адзінокі чалавечы голас… Яны ўсе гучаць па-рознаму… У кожнага — свая тайна…

Я баюся яе. Але, я баюся сваёй кнігі. Я не хацела б ведаць пра ўсіх нас тое, што ў ёй сабралася разам і выявілася. Кажуць, што дакладны дыягназ — добрая палова лячэння, але не заўсёды ёсць мужнасць яго пачуць, надманвацца ўсё ж лягчэй. Мне цяпер часта здаецца, што куды часцей, чым раней, сярод нас больш тых, хто не хоча ведаць свой дакладны дыягназ. І сама смерць часам не такая няўмольная, як праўда. Але я не лекар і тым больш не суддзя.

Ці быў у мяне выбар? Я пыталася ў сябе, неаднойчы на працягу двух гадоў, калі пісала кнігу, я задавала сабе гэтае пытанне: навошта зноў пра смерць?

Калі чалавек усё жыццё сядзіць у турме і гаворыць толькі пра турму, ніхто не здзіўляецца: чаму ён не выбера іншую тэму для гаворкі? Пра што я? Ды ўсё пра тое ж. Пра свае сумненні: ці трэба было пісаць гэтую кнігу? Страшную і безабаронную…

Што ёсць наша гісторыя? Азірнёмся — і патрапім у знаёмае царства смерці. Урачысты і змрочны пантэон.

Хто ж мы? А мы — людзі вайны. Мы ці ваявалі, ці рыхтаваліся да вайны. Мы ніколі не жылі інакш.

У мяне не было выбару.

Але ў Варлама Шаламава раптам страчаю такую думку, што лагерны вопыт нікому не патрэбны. Лагерны вопыт патрэбны толькі ў лагеры.

І ўсё ж…

Калі жыццё разумееш толькі пасля яго завяршэння — пасля смерці, — дык, напэўна, гэтак і з ідэямі. Жывы міф не паддаецца анатаміраванню, ён пастаянна дзесьці прарастае. Мёртвы міф — застылая фатаграфія спарадзіўшых яго пакаленняў. Першыя, найбольш простыя, даступныя стадыі — адрачэння і зняслаўлення міфа сацыялізму — мы прайшлі. Надышла пара яго пакуль яшчэ небесстаронняга (надта ж побач!), але ўжо — даследавання. Кожны задае сабе гэтае пытанне, пытаемся адно ў аднаго: што ж з намі было? І хіба пра гэта марылі ўсе ўтапісты свету?

У камунізму быў вар'яцкі план — перарабіць нас. Перарабіць чалавечую прыроду, змяніць «старога» чалавека, лядашчага Адама. «Гома саветыкус» — чалавек, якога вывелі ў лабараторыі марксізму-ленінізму, на адной шостай частцы сушы. Прызнаемся — гэта мы. Слова «расейскі» звычна спалучалі са словам «савецкі». Хоць гэта не заўсёды было слушна. Але савецкімі былі ўкраінцы і грузіны, армяне і таджыкі, беларусы і туркмены… Штосьці нас лучыла, нягледзячы на розніцу культур і рэлігіі. Увогуле, усе мы былі доследным полем для камуністычнай ідэі. Цяпер нам вядома, што мы належалі да асаблівага тыпу чалавечай генерацыі, аднойчы магчымага, непаўторнага. Але гэты тып неўзабаве знікне, растворыцца ў сусветнай цывілізацыі, у якую мы вяртаемся. Адны сцвярджаюць, што гэта трагічны і прыгожы чалавек, іншыя з халоднай адчужанасцю ахрысцілі яго «саўком». Нібыта да невядомых незнаёмцаў, а не да сябе прыглядваемся. Хто ж мы папраўдзе ў святле гісторыі і ў святле не такога ўжо доўгага чалавечага жыцця, аднойчы дадзенага? Хто?! Дзеці вялікай ілюзіі ці ахвяры масавага псіхічнага захворвання?

Там, дзе яшчэ зусім нядаўна ў метале, у бронзе і бетоне ўзвышаліся напаўвайсковыя, напаўрэлігійныя помнікі бальшавіцкім багам, — скрышаны камень, мацюканне на ўзнятых на дыбкі пастаментах. Інакш не ўмеем. У штодзённых газет вайсковы пах нават тады, калі яны пішуць пра мір: ашалелы натоўп ля гарэлачнага аддзела растаптаў міліцыянера; бязногі франтавік, кавалер ордэнаў Славы, расстраляў з абрэза некалькі чалавек, што спакойна абедалі ў прыватнай кавярні; старая бальшавічка ўспарола вены: абрушыўся свет яе непарушных уяўленняў; былы воін-афганец спрабаваў спаліць сябе на плошчы — пратэст супраць надыходу іншага жыцця, з іншай сацыяльнай іерархіяй і іншай сістэмай каштоўнасцей… Адны выходзяць на вуліцы з чырвонымі сцягамі, другія крычаць ім у спіны пракляцці… Чырвоны колер асуджаны быць крывавым… Сімптомы сацыяльнай істэрыі, альбо, на мове медыкаў, «пранікальны неўроз». Музыка распаду…

І я пачула іх, менавіта іх, расчараваных і бяссільных прыстасавацца. Што ў іх было? Толькі вера ў светлую будучыню, а цяпер і яе няма. Яны ўсё згодныя аддаць, яны прывыклі ўжо да таго, што ў іх увесь час штосьці забіраюць. Ды толькі ж вось шчымлівая здагадка: апошні кавалак хлеба аддадуць, жыццё аддадуць — а веру ім вярні! Яны зноў гатовыя вярнуцца ў ілюзію, а ў рэальнасць вяртацца не хочуць. Спакуса ўтопіі… Чорная, недаступная розуму магія вялікіх падманаў…

Як бы нам абараніцца ад яе? Хто ведае, якіх яшчэ пачвар здольны спарадзіць чалавечы розум, гнаны марай пра зямны рай?

Мы мала думалі пра сацыялізм, мы ў ім проста жылі. І ён прыцягвае маю ўвагу, звычайны сацыялізм, унутраны, свойскі. Які ён быў на вуліцы і дома, у тэатры і на плошчы, у школе і на фронце, у радзільным доме і на могілках. У крыку і шэпце. У шчырым даносе і вершах. Я спяшалася занатаваць, здавалася б, знаёмыя абліччы: якія яны былі — пакаленні рэвалюцый, рэпрэсій, адліг, застояў. «Не ўбачыць твару, калі вочы ў вочы», — пісаў паэт. Але ў гістарычнай аддаленасці ёсць свая небяспека: знікнуць падрабязнасці, дэталі, партрэты, у якія ўжо сёння, калі ўсё яшчэ побач, немагчыма паверыць, гэтакія яны неверагодныя. І хто паручыцца, што праз дзесяць-дваццаць гадоў мы не пачнем прыдумваць, рэтушаваць, забываць мінулае, засаромеўшыся сябе сённяшніх. Аўтапартрэты заўсёды версіі, а не фатаграфіі…

Чаму ў гэтай кнізе сабраны аповеды самагубцаў, а не аповеды звычайных савецкіх людзей са звычайнай савецкай біяграфіяй? У рэшце рэшт канчаюць з сабой і проста ад кахання, самоты. Але ўсё адно ва ўсім прысутнічае час… Тым больш, што мы — саборныя людзі, дагэтуль мы ніколі не жылі кожны са сваёю самотаю. Мы жылі з ідэяй, з дзяржавай, з часам. Дзяржава была нашым сусветам, космасам, рэлігіяй. Яна рабіла нас саўдзельнікамі ўсяго, што з ёю было — і страшнага, і вялікага.

Цяпер нам трэба самім здабываць сэнс свайго жыцця. І мы вучымся адзіноце, часам вось такою неверагоднаю цаною…

«Самагубства, як з'ява індывідуальная, — пісаў у эсэ «Пра самагубства», выдадзеным у 1931 годзе ў Парыжы, М. Бярдзяеў, — існавала ва ўсе часы, але калі-нікалі яно рабілася з'явай сацыяльнай». Дададзім — палітычнай. Гэта і быў прадмет майго даследавання — людзі ідэі, што выраслі ў гэтым паветры, у гэтай культуры і не вынеслі яе крушэння, яе катастрофы.

На вачах тых, хто яго даводзіў да ладу і засяляў, знікае гіганцкі сацыялістычны мацярык. Застаюцца мёртвыя, застылыя кратэры, бесцялесны попел ахаладзелых страсцей і прымхаў. Усё гэта ўклалася ў адно чалавечае жыццё. І той, прыхаваны смугой шлях не проста пяцьдзесят-семдзесят гадоў, а чыясьці маладосць і «ўсцелены таварышамі бераг». Яны засталіся там: хто на грамадзянскай у 22-ім, хто ў ГУЛАГу — у 37-ым, хто пад Смаленскам — у 41-ым…

Ідэям не бывае балюча. Шкада людзей.

Але мы занадта спляліся, злучыліся са сваімі міфамі. Так злітна, што не ададраць.

Калі міфы чаго-небудзь баяцца, дык толькі не часу. Час уздзейнічае на іх, як вада на цэмент, ён надае ім нават нейкі гістарычны водар, самыя жахлівыя з іх робіць прывабнымі. Міфы баяцца аднаго — жывых чалавечых галасоў. Сведчанняў. Нават самых нясмелых…

Калі цяпер не хопіць мужнасці іх выслухаць, дык хоць бы збяром у запаснікі. Каб не знікла, не выпала з гісторыі наша звяно…

Бо мы, людзі з сацыялізму, падобныя і непадобныя на ўсіх астатніх. У нас свая мова, свае ўяўленні пра дабро і зло, пра грахі і пра пакутнікаў. Мы падобныя і непадобныя на людзей наогул, якраз гэтак жа, як чалавек, выпушчаны з турмы, што праседзеў там шмат гадоў, падобны і непадобны на астатніх у натоўпе. У турме ў яго быў ложак, заўсёды быў абед, няхай ячная каша з кількай, але абед быў, і станок, і дэталі, якія ён выточваў, ці дошкі і сталярны рыштунак. Ён ведаў, што ў належны час яму выдадуць новую куфайку, новую шапку, новую сарочку і новыя трусы. Прынясуць зубную шчотку, лыжку, відэлец… Усё да самых інтымных дробязей, да абсурду ўсё было прадумана, адладжана без ягонага ўдзелу. А на волі трэба думаць і адказваць за ўсё самому. Няўтульна. Збянтэжана. Гэты стан Э. Фром вызначыў як «уцёкі ад волі».

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.