Карней-мышыная смерць

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Карней-мышыная смерць скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

Мы, дзеці, гатовыя былі бегчы за ім хоць за самы свет. Калі на нашай вуліцы з'яўлялася началавеча-доўгая постаць і гучаў прарэзлівы крык: "М-мышы! Шчурры! Пацукі!", мы былі проста на сёмым небе ад асалоды. Гэта было нават цікавей, чым тачыльшчык.

Чалавек гэты быў худы, з сухім і доўгім тварам, на тонкіх вуснах якога заўжды сядзела з'едлівая і таемная ўсмешка. І пахла ад яго неяк дзіўна: так пахнуць камяністыя мясціны, што зараслі пустазеллем. За спіною торба, у руках доўгі і моцны кій, куртка і нагавіцы ўсе ў рознакаляровых лапіках.

Ён падыходзіў да першай — лепшай хаты, крычаў і, калі з'яўляўся ў акне твар гаспадыні, пытаўся:

— А ці верыш ты, гаспадынька, у святую тройцу?

Гаспадынька, ашаломленая нечаканым нападам, ківала ў знак згоды.

— Ну дык вось, — казаў пацукалоў. — Тады, напэўна, ведаеш, што бог па літасці сваёй наслаў на чалавека, каб нудна яму не было, пацукоў і шчуроў.

Гаспадыня нарэшце прытомнела пасля нечаканай атакі:

— Не веру я ў святую тройцу, адчапіся ад мяне, рапуха драпястая!

І чалавек, не спрачаючыся, крочыў далей. Толькі калі ўжо занадта лаяліся, адказваў:

— Бач ты, якая жабіца-скурапея. Напэўна, трэцяга мужа даношваеш, каб цябе так у апраметнай д'яблы насілі.

А калі запрашалі ў хату — пачыналася цікавае. Чалавек аглядаў пацуковыя дзіркі, усміхаўся, выцягваў з торбы гнуткі пруток і клаў яго на далонь рукі. Пасля мармытаў нешта доўга, і пруток, павярнуўшыся, паказваў канцом у бок адной з дзірак:

— Бачыш, баба, унь дзе іхняя хата.

І, стаўшы на калені, мармытаў:

— Ёсць на моры выспа, на той выспе ляжыць залаты пранік, на тым праніку пацукі вяселле гуляюць. Цар пацучыны перамог цароў шчурыных, а я, раб божы, і тых і другіх. Цар пацучыны, ветахавы, няхрышчаны, цёмны, выходзь з залатога гнязда на імхі, на болаты, на тонкія патопы, на цвілёвыя падушкі. Там качайся, валяйся, на пясок рассыпайся, а гэтага дома не чапай. Ключ замыкаю. Аман!

Пасля ён звычайна прасіў гаспадыню пакінуць яго аднаго, сядзеў трохі, выходзіў з хаты і, калі лічыў патрэбным, капаў ля прадушыны ў падмурку глыбокую яму і наліваў яе вадою. Дзіўна, але пацукі сапраўды ўцякалі з хаты, і раніцою ў яме можна было пабачыць да дзесятка вялізных шэрых пацукоў або рудых шчуроў.

Нам ён здаваўся ўсемагутным. У той час бацька купіў мне вядомую кнігу пра клятчастага флейтыста з горада Хэмліна, які знішчыў у горадзе пацукоў сваёй цудоўнай жалейкай, а пасля, калі яму не далі за гэта грошай, зачараваў спевам гэтай жалейкі ўсіх гарадскіх дзяцей і завёў іх у нетры гары ля горада. Наш пацукалоў здаваўся мне менавіта такім: і пацукоў знішчае, і куртка на ім клятчастая ад лапікаў, і дзеці за ім натоўпам ходзяць.

А наогул гэта быў варты жалю чалавек, які, акрамя гэтай сваёй няпэўнай работы, нічога не ведаў і не ўмеў. З яго смяяліся. І нічога дзіўнага тут не было. І толькі дзеці любілі яго, як яны заўсёды любяць тое, што непадобна на звычайнае жыццё.

Мне, памятаю, вельмі хацелася насіць стракатую куртку і мармытаць прыгожыя і незразумелыя словы, зусім непадобныя на будзённыя і нудныя словы, як "хлеб", "боты".

Бацька мой, якому я гэта сказаў і які з трывогай глядзеў на маю схільнасць да нябесных мігдалаў, аднойчы не на жарт здзівіў мяне.

Калі пацукалоў, зайшоўшы да нас, прамармытаў, як заўсёды, сваю дзіўную замову і папрасіў каб яго пакінулі на хвіліну сам-насам, бацька раптам усміхнуўся і сказаў ляніва:

— І не сорамна табе, Карней, людзей дурыць? Я ж ведаю, што ты будзеш рабіць, ведаю нават, што сам ты ў свае замовы не верыш.

Вочы пацукалова апусціліся.

— Што вы, гаспадар, замовы — рэч карысная. І я, калі буду адзін, яшчэ мацней прачытаю.

— Не дуры, кажу, — пераканальна сказаў бацька. — Ты проста ў пацуковыя дзіркі касталом-травы напхаеш.

— Якой травы? — разгубіўся чалавек.

— А той, што ў нас яшчэ сабачнікам завуць, кветкі такія ў яе… цёмна-барвяныя, а лісты як шэрым лямцам абцягнутыя. На засмечаных пустках ля дарог і па ўзгорках расце. Мяккая такая, пушыстая.

І тут пацукалоў часта залыпаў вачыма.

— Пашкадуйце мяне, не выдавайце беднага чалавека… Усе самі… пачнуць. Што я тады есці буду?!.

Бацька, які чула ставіўся да чалавечага гора, замахаў рукой:

— Што ты, Карней, вядома не скажу. Жыві сабе… Хіба я што…

Фарба з'явілася на твары пацукалова.

— Хай вас благаславіць бог.

Да гэтага не хапала яшчэ звароту "гаспадар".

А бацька пасля паказаў мне гэтую расліну з ланцэтападобнымі пушыстымі лісцямі і мяцельчатай верхавінай сцябла.

— Cinoglossum officinale. Я чуў і раней, што гэта моцны рацыфіцыд. А ты кажаш "таямніцы", "мармытанне". Эх ты!

Пацукалоў, аднак, з таго часу паглядаў на бацьку заўсёды са страхам.

Так ён і хадзіў па нашым ціхім гарадку: непрыкметны, непрыстасаваны да жыцця чалавечак, жорсткі вораг пацукоў, які, аднак, не мог бы пакрыўдзіць і мухі.

У маленькіх гарадках, напэўна, да другога прышэсця будуць вадзіцца плёткі. Адна такая плётка звязвала пацукалова з імем удавы Стучэўскай, што жыла наводшыбе, ля Старых Валоў, і з яе сынам, высокім, худзенькім юнаком.

Ці была тут праўда? Я думаю, не, хоць хлопчык меў, як казалі вулічныя "бабы багамерзкія", нейкае падабенства з Карнеем. Рэдка бывае так, каб з плётак атрымлівалася што-небудзь вартае. Гэты выпадак быў шчаслівым выключэннем. Балачкі баб ля студні дайшлі да вушэй клятчастага чалавека, і той стаў наглядаць на хлопца з пяшчотай, якая ўсё ўзрастала. Такія чуткі, што ні кажы, прыемная рэч для самотнага мужчыны, у якога не за гарамі старасць і якому прафесія прынесла незайздросную славу дзівака.

Хлопец якраз скончыў школу. Жыццё ў хаце ўдавы было не такое і лёгкае. Усе думалі, што Янку Стучэўскаму давядзецца працаваць. Але тут здарылася нечаканае: хлопец паступіў у інстытут, а пацукалоў пасяліўся ва ўдавы. Як выявілася пазней, пацукалоў некалькі дзён хадзіў паўз яе вялікую запушчаную хату з зарослым садам, пры сустрэчах намагаўся нешта сказаць і нарэшце з'явіўся да гаспадыні ўвечары і са звычайнай сваёй прыдуркавата-хітрай усмешкай сказаў:

— Прабачце мне за тое, што я скажу. Але, мне здаецца, хлопчык павінен вучыцца. У яго светлая галоўка. Вы ведаеце, ходзяць плёткі, у якія я, вядома, ні сном ні духам не вінен. Жанчыны — гэта глупства, прабачце. Але рота людзям не замажаш. І я неяк палюбіў хлопца. Няхай здае экзамены, мне хочацца, каб ён быў інжынерам… Стыпендыя ж, кажуць, невялікая, дык няхай ён вучыцца і клопату не мае. Вы пытаеце, чаму я так хачу? Эх, пані, у мяне не было дзяцей, трэба думаць, што і не будзе. А ў хлопца, бачыце, мае вочы… І нос таксама. Так усе кажуць. Мог бы ён быць і сапраўда маім. І потым, калі гавораць, дык няхай ужо гавораць недарэмна. У мяне ёсць такія-сякія грошы. Толькі я хітры. І мне гэта будзе зручна, бо калі вы дазволіце я пасялюся ў вашай садовай лазні.

Не ведаю, як ён угаварыў яе. Але ён сапраўды пасяліўся ў лазні, што схавалася ля яра ў бузіне і крушыне, а пасля, з восенню, перайшоў у дом. Жаночае сэрца схільна шкадаваць, іншым нават здаецца, што менавіта гэта галоўнае ў ім.

Яна прала на яго, карміла, цыравала яго шкарпэткі. Купіла нават аднойчы яму гарнітур, але ён паслаў яго хлопцу, "сыну", і з упартасцю вала хадзіў у тым самым клятчастым строі, на якім жывога месца не было ад лапікаў. Калі ў яго пыталіся, нашто ён, маючы грошы, так ходзіць, ён адмоўчваўся, але бацьку майму аднойчы сказаў:

— Не той цяпер час, як тады, калі я быў хлапчуком. Але я не хачу, каб Янка хоць на волас зазнаў таго, што зазнаў я. Мы жылі бедна, маці мая была таксама ўдава. Таму, напэўна, я і атрымаўся такі: сухі, кашчавы, п'янею ад першай чаркі. Таму я і стаў такі слабы і, што казаць, дурнаваты, няздатны ні на што. Мазгі ў мяне не працуюць як трэба. Самыя простыя рэчы я не разумею. А ў мяне ж ёсць сэрца, я таксама хачу быць чалавекам. Гэта, напэўна, вельмі добра — сядзець з жонкаю дзе-небудзь пад грушаю і піць чай… А ў нас, дзяцей, нават портак даўжэй, чым у каго на вёсцы, не было. Аднойчы маці са свае старой спадніцы зрабіла нам, чацвярым, порткі. Мне, малодшаму, яны атрымаліся вельмі вузенькія. Але ж затое сапраўдныя крамныя порткі! Быў вялікдзень. І вось пайшлі мы, дзеці, гуляць. Прыдумалі гульню: хто скокне цераз агароджу, таму фарбаванку. У нас і курэй не было, а скакаў я добра. Хочацца мне фарбаванку. Вось я разагнаўся і — цыб! Пераскочыў і з разгону аж прысеў. Глянуў на порткі, а яны на каленях луснулі і між нагамі луснулі, так што атрымалася двое портак, па адной калошыне на кожнай назе, — і ззаду луснулі.

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.