Паляшук

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Паляшук скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

Уладзімір Караткевіч

Паляшук

Виновники мятежа и вообще лица, содействующие ниспровержению правительственной власти в крае, должны быть, для примера другим, судимы и наказаны немедленно по всей строгости полевого уложения; собирание излишних фактов... лишь усложняет и замедляет делопроизводство.

З загаду графа Мураўёва

I

— Ты ведаеш, што ты падлягаеш расстрэлу? — спытаў стаяўшага перад ім чалавека капітан Румянцаў.

Той змаўчаў. Стаяў прама, неяк дзіўна выцягнуўшыся, і толькі вочы яго з затоеным сумам сачылі за пушчай, куды яму ўжо не было шляхоў.

Увосень 186З года частка коннага загона Чэнгірэя, моцна патрапаная ў безупынных сутычках з інсургентамі, была па спецыяльнаму загаду штаб-канцылярыі размешчана на адпачынак у глухім палескім сяле. Толькі-толькі адгрымелі раскаты паўстання, і хоць сам «дыктатар» яшчэ не быў схоплены і нават ніхто не ведаў, ці ў Вільні ён, але ўсё ўжо суціхала, дабіваліся апошнія чырвоныя загоны, няшчасныя, зацкаваныя людзі хаваліся па лясах.

Край дагараў, і разам з тым выпаўзала на свет тое, што раней старанна хавалі: здрада, падлог і мярзотны жах. Усе падонкі людства пачалі сваю мышыную вазню ля гожага нават зараз трупа Паўстання. Махровымі кветкамі ўзраслі лжывыя даносы, шантаж, правакацыя. Спуджаныя бюргеры выкладвалі з кішэняў столькі грошай, сколькі жадаў агаворшчык, абы толькі потым, пры вобшуку, не знайшлі дзесьці ў доме альбо ў адрыне падкінутай зброі.

Усю мярзоту, што звычайна хаваецца на самым дне людское душы, саромячыся падняць галаву, выцягнулі зараз стуль і выставілі для агульнага агляду і прыпадабнення, і капітан Румянцаў, які заўсёды быў сумленным ваякам, пачаў казаць за гарэлкаю:

— Дзярмо. І палячочкі, і гэтыя вашы, паручык Ратч, палескія вылюдкі. Ды, калі праўду казаць, дык і мы такія ж, калі яшчэ не горшыя. «Душыцелі». Няма чаго казаць, гожая для вялікай Расіі справа.

У адзін з апошніх дзён «баб'яй восені», калі лясы пачалі, пасля працяглага бязветрыя, страсаць на зямлю залаты дождж лісця, а ночы былі асабліва цёмнымі — нехта падпаліў стайню і склад з амуніцыяй і зброяю. Надвор'е стаяла ветранае і сухое, і таму ўсё пагарэла датла. Пасілілі каравул, але праз дзве ночы нехта падкінуў у пакой Румянцаву і паручыку Барзіловічу па змяі. Румянцаў «выкруціўся толькі цудам», а паручык памёр, хоць лекар, якога прывезлі з горада, прыпальваў яму ўкус нейкім белым камянём.

І вось тагды салдаты, абшукваючы ваколіцы сяла, выпаралі з нейкай нары пад карэннямі старога дрэва палешука. Ён быў данельга брудны, з амаль бязвусым тварам, і таму цяжка было станоўча сказаць, стары ён ці малады. Нізенькі, у нязменных поршнях і кажуху, з голаю галавою, ён стаяў перад афіцэрамі, шчыльна сціснуўшы сківіцы. Выцягнутая з-за паяса сякера і старая стрэльба, а таксама вагніва і крамень у скуранай торбачцы былі ўлікамі.

— Ты хто такі? — спытаў яго Румянцаў.

— Паляўнічы.

— А хто цябе ведае ў акрузе?

— Ведаюць звяры маю кулю.

Румянцаў пасміхнуўся нервова. Гэты дзікун раздражняў яго.

— Ну,а можа, ты ведаеш, хто падпаліў на сяле будынкі і кідаў да нас, у вокны, змей?

— Не, не ведаю.

— А хто ж ведае?

— Ведае цёмная пушча, неба, хмары, а той, што зрабіў, — усё адно не скажа.

— Чаму?

Паляшук змаўчаў. Ён па-ранейшаму глядзеў на неба, і губы яго слаба рухаліся. Румянцаў паглядзеў на яго і сказаў паручыку Ратчу:

— Вось вам, прыхільнікам гісторыі: добры абразчык. Першабытны жыхар лясоў. Ух, фанатычная морда, каб была ахвота паскудзіцца...

Ратч з сваімі жаноцкі прыгожымі вачыма адказаў:

— Гэта не фанатызм, гэта — звычайная абмежаванасць і жывёльная тупасць. У гэтых маіх імшарах патрыятызм і нянавісць да нас пакуль што з'явіцца не могуць. Можа, гэта й не ён падпаліў наогул.

Румянцаў раззлаваўся:

— Ну, ён ці не ён, патрыятызм гэта ці звычайны бандытызм, а я яго расстраляю. У наступны раз не будзе павадна іншым бадзяцца са зброяю ў недазволеных месцах. Шабаш!

І ён разануў далонню па паветры, быццам паказваючы, што няма чаго далей валаводзіцца. Палешука адвялі ў пуню, пакуль паны-афіцэры пераапрануцца і нап'юцца чаю з ромам. Гэта цягнулася амаль што цэлую гадзіну, і ўвесь гэты час паляшук спяваў нейкія, зусім не жаласныя спевы хрыплым голасам, падобным да лаю сабакі. Першым прыйшоў за ім Ратч і пабачыў: паляшук сядзеў, забіўшыся ў кут, і з цемры блішчэлі яго вочы. Ратч спытаў:

— Чаму гэта ў цябе песні такія гнеўныя?

— Мужчынскія, — адказаў паляшук і зноў заціх.

Ратчу падабаўся гэты дзікун, нягледзячы на тое, што гэта была жывёла, тупая і выраджаючаяся з кожным пакаленнем. Бачная была ў гэтай жывёле нязломнасць. Калі паляшук глядзеў на пушчу — Ратчу здавалася, што гэта арол, пасаджаны ў клетку, пазірае на высокія, залітыя сонцам горы. Там шмат часу трымаецца святло, а тут, па лагчынах, ужо ляжыць цемра і імгла, і ніколі ўжо не прашумець яму на верхавінах магутнымі сваімі скрыдламі. Ратч любіў селяніна сваіх беларускіх абшараў, пакорнага, рэлігійнага, набітага забабонамі да мазга касцей і, разам з тым, моцнага, вытрымлівага. Вось зараз ён, вядома, сумуе, што загіне без сабаравання.

— Ты ў якога бога верыш? У вуніяцкага альбо праваслаўнага?

— Чаго?

— Ну дзе твой бог: у касцёле ці ў царкве?

Паляшук зітхнуў і адказаў упэўнена:

— А нашто бога саджаць у каменную будку? Бог у кожнай былцы, і ў лясах, і ў багне — паўсюль.

«Нейкі палітэізм», — падумаў паручык.

Ззаду Ратча затрашчаў барабан: падыходзілі салдаты.

Справа ўжо йшла к вечару. Стаяў шэры кастрычніцкі дзянёк, і хоць раннія маразы ўжо скончыліся — яны падтачылі лісце, і яно валілася зверху чырвонымі варахамі, і лес безупынна шалахцеў, прыгавароны да страты.

Чорныя галіны дрэў асабліва ярка вымалёўваліся на гэтай чырвонай казцы, а ліст ляцеў наўскасок, ляцеў, ляцеў.

Паляшук ішоў, аточаны чатырма салдатамі, і нешта мармытаў сабе пад нос. Твар яго часам уздрыгваў, і на ім з'яўляўся нейкі дзіўны прызрысты выраз, амаль дзіцячы па яснасці. Калі ўжо амаль падышлі да месца расстрэлу — ён ненарокам пакінуў у калюжы адзін поршань, але не заўважыў гэтага і пайшоў далей. Нага хутка пачырванела ад холаду, і Ратчу было непрыемна глядзець на гэта. Зусім скалелы ад холаду Румянцаў сказаў палешуку, калі яго паставілі да дуба:

— Ты б памаліўся хоць.

Паляшук паслухмяна пачаў казаць наступнае:

— Матка боска заступніца... І свенты Осіп і свенты Мікола, станьце маім ворагам у глотцы колам. Заступіцеся за мяне і зямлю маю... Усіх сумуючых...

Відаць, ён нават не ведаў малітваў і паўтараў тое, што чуў калісь без усялякага сэнсу. Ратч зарагатаў:

— Што гэта ён такое вярзе?

— Не бачыш — дурань, — адказаў Румянцаў.

А маленькі брудны чалавек усё казаў:

— Зассі іх у багну, не дай ім сонейка пабачыць... Дай хлеба астаўленым. Свенты Осіп і свенты Мікола... Калі не будзеце, як дзеці...

На гэтым месцы ён запнуўся, паўтарыў «як дзеці», і як быццам толькі тут дайшло да яго тое, жудаснае, што з ім збіраюцца рабіць, бо ён раптам паў на калені і заплакаў:

— Не забівайце!.. Паночкі, не забівайце! Я вам грошай дам, шмат грошай!..

Румянцаў наліўся чырванню і закрычаў:

— Падыміся! Трус! Нічтожаства!

Палешука сілком паставілі да дрэва, але раптам Ратч сказаў задумліва:

— Скуль у яго могуць быці грошы? Можа, гэта іхні жонд прыхаваў тут частку свайго скарбу?

— Мажліва, — ажывіўся Румянцаў. — Што ж, паспрабуем.

І зноў пакрочыў перад імі паляшук. Ісці давялося ўсяго хвілін пяць. Ля сухой асіны з развілкаю ён торкнуў пальцам у зямлю:

— Тут.

Салдаты пачалі рыць зямлю, Румянцаў з Ратчам пільна сачылі за імі, і вось урэшце салдацкі штык стукнуў аб нешта. Гэтае нешта ўбачыла святло божае ў выглядзе невялічкай драўлянай скрынкі.

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.