Рейтинг книги:
5 из 10

Канёк-гарбунок

Ершов Пётр Павлович

Уважаемый читатель, в нашей электронной библиотеке вы можете бесплатно скачать книгу «Канёк-гарбунок» автора Ершов Пётр Павлович в форматах fb2, epub, mobi, html, txt. На нашем портале есть мобильная версия сайта с удобным электронным интерфейсом для телефонов и устройств на Android, iOS: iPhone, iPad, а также форматы для Kindle. Мы создали систему закладок, читая книгу онлайн «Канёк-гарбунок», текущая страница сохраняется автоматически. Читайте с удовольствием, а обо всем остальном позаботились мы!
Канёк-гарбунок

Поделиться книгой

Описание книги

Серия:
Страниц: 3
Год:

Содержание

Отрывок из книги

Частка другая. Лёгка сказаць, ды далёка дыбаць Пачынаем мы заход Ад Іванавых прыгод. Ходзіць коця па балоце - Па дзве лапы ў адным боце. Лезуць козы ратаваць, Котку вусы выціраць. Прагнуць багны, ходзяць лесам, Цеста хваліцца замесам. Козы ногі б'юць дарма, Коці там ужо няма. Гэта прыказка, а потым Пойдзе казка сваім ходам. Вось вам мора-акіян, Вось і востраў вам Буян. У труне ляжыць там дзеўка, Над труною салавейка Свішча... Зноўку не туды Мы свае вядзём сляды... Трэцім разам, лепшым часам! Будзем цешыцца расказам... Памятаеце? Іван Ля цара жыве, як пан. У канюшні царскай служыць І ніколечкі не тужыць. Бацьку роднага, братоў Ён зусім забыць гатоў. Колькі ежы, розных смакаў! Колькі вопраткі ўсялякай! Калі шапкі ўсе сабраць, Кораб будзе - як падняць. І так смачна яму спіцца - Сам не можа пабудзіцца! Стаў праз тыдняў гэтак пяць Служка царскі заўважаць... Быў з баяр ён, зваўся спальнік, Да Івана быў начальнік Над канюшняй у цара. Быў! Прайшла яго пара! То не дзіва, што злаваўся На Івана і пакляўся: «Жыў не буду, а прыблуд Выжыву, не будуць тут!» Каб намераў злых не выдаць, Каб хутчэй Івана выгнаць, Ён прыкінуўся нямым, Блізарукім і глухім. Думаў з ім рахункі звесці, На пасаду зноў пралезці. Дык праз тыдняў гэтак пяць Стаў нямко той заўважаць, Што Іван не чысціць коней. Далей-болей, далей-болей - І не корміць нават іх! А яны жывей жывых, Хвост заўсёды ў іх трубою, Ззяюць гэткай чысцінёю - Можна толькі ў сне сасніць. А Іван удзень жа спіць! Свежая пшаніца ў стойлах, Чанішчы з сытою [3] -пойлам... А Іван не насыпаў! А Іван не наліваў! «Дамавік мо памагае, Насыпае, налівае? Бляск наводзіць вараным, Заплятае грывы ім... Чарадзей Іван, няйначай! Цэлы вывадак чарцячы Робіць справу за яго. Ох, прыгрэў цар не таго!.. У царкву не ходзіць Ваня, Ён, напэўна, басурманін. Носіць каталіцкі крыж, Чхае на цароў прэстыж. Пост стаіць - жарэ ён мяса, Нарабіў сабе прыпасаў... Царскай думе данясу, Толькі фактаў прыпасу». Так рашыў нямко той, спальнік, Што ў канюшні быў начальнік. У засек залез тайком І засыпаўся аўсом. Вось і поўнач наступіла, У нямка душа заныла: Раптам прыйдзе дамавік, Ці сам чорт, ці чараўнік?! Зарыпелі дзверы глуха, Натапырыў спальнік вуха І праз дзірачку глядзіць, Хто ідзе, хто тупаціць. Коні тупаюць, а той, Што зайшоў, не з барадой. Дзверы шчыльна зачыняе, Шапку з галавы здымае. На акно яе кладзе, З шапкі скрутак дастае І разгортвае паволі - Бляск ляціць па наваколлі! Спальнік ледзь не закрычаў, Туліць да вачэй рукаў. Як дрыжаў і варушыўся, Ссунуўся авёс, зваліўся. Дамавік жа штось гудзе, У засек пяро кладзе. Шпігуна не заўважае, Коней чысціць пачынае. Грыўкі звязвае ў пучок, Грывы чэша набачок, Косы з іх пляце старанна І спявае ўжо, як п'яны. «Ні вусоў, ні барады, Хвацкі хлопец, хоць куды. Пазументы на адзенні, Боцікі на заглядзенне... Чорт уводзіць мяне ў зман, Але ж - выліты Іван!» - Спальнік ведаць добра хоча, З усёй моцы лупіць вочы: Ці Іван прад ім, хітрун? «Ён!.. Знайшоўся мне пяюн... Ведацьме цар неўзабаве Хітрыя твае забавы. Я табе так не спушчу І зраблю ўсё, як хачу». А Іван сабе спявае, Грывы ў косы заплятае, Не чакае, што бяда... Не! - бядотаў чарада На яго ўпадзе знянацку. І пяро Жар-птушкі, цацку, Даўшы конікам яды І наліўшы ім сыты, Зноў у шапку ён хавае - Іншай схованкі не знае. Спаць ля конскіх задніх ног На падушку-шапку лёг, Бо работа прытаміла, І захроп, як той асілак, Як той з казкі Еруслан. «Дурань, дурань ты, Іван...» - Спальнік крадзецца, як ліха, Пальцы ў шапку суне ціха, Хоп пяро! - і след прастыў, Быццам тут ён і не быў. Толькі цар устаў, памыўся, Спальнік да яго з'явіўся. Аб падлогу грук ілбом - Аж уздрыгвае ўвесь дом. «Я з павіннай галавою, Цар, схіліўся прад табою. Гаварыць мне загадай, За дзярзоту не карай». - «Гавары без выкрунтасаў, Я не маю многа часу, - Пазяхае, хрысціць рот. - Бо не сядзеш цэлы год, Як бізун усмак паходзіць, Хоць я добры па прыродзе...» - «Злітуйся, вялікі цар! Я не нейкі там махляр. Як схлушу - Гасподзь скарае. Ад цябе Іван хавае Не каштоўнасць-серабро - Жараптушчына пяро!» - «Ах ён, злодзей распракляты! Больш, чым я, ужо багаты?! Нам відаць яго віна. Ох, заробіць бізуна!» - «І другая непрыемнасць... - Спальнік голасам таемным, Як пляткарык плеткару, Шэпча бацюхну цару: - А Іван наш... Ох, Іване! Выхваляўся, што дастане, Абы царскі меў загад, І Жар-птушку для палат». Спальнік выгнуўся дугою І ў запазуху рукою Лезе, дастае пяро - Небывалае дабро! - І кладзе цару на ложак: «Гляньце, ззяе як прыгожа!» На калені гэпнуў зноў. Цар да ложка падышоў, І глядзеў, і любаваўся, Ці то плакаў, ці смяяўся, На язык пасмакаваў І ў куфэрачак схаваў. «Гэй! Паклікаць дурня Ваню!» І пасыльныя дваране Паімчаліся барзджэй, Брык! - упалі ля дзвярэй, Ды галовамі ўсе разам Стук-грук! - нібы па заказу. Цар з іх гэтак рагатаў - Ледзь жывот не надарваў, Аж да колікаў, знямогі... Тыя ўскочылі на ногі І, каб зноўку насмяшыць, Вырашылі паўтарыць. Добры цар з такой нагоды Шапкі даў - узнагароды. Слугі зноў гуртом пабеглі - Ды не ўпалі больш, не леглі. Да канюшні прыбягаюць, Дзверы насцеж расчыняюць І нагамі пад бакі: «Уставай, сякі-такі!» Толькі Ваня іх не чуе, Спіць сабе, храпе-начуе. Разбудзілі, як мятла Бой з Іванам павяла. Як прачнуўся, было злосці Аж паўнюсенькія косці: «Як вазьму вас у бічы, То расквашу ўсім лычы! Вы адкуль! І хто такія?» - «Памаўчы! Заробіш кія! Цар аддаў такі загад, Каб з'явіўся на даклад». - «Вельмі трэба - пачакае...» - Мые твар свой, выцірае, Чысціць боты і кафтан, Пояс наматаў на стан Акуратна, моцна, туга, Сунуў за яго і пугу. Не пайшоў - нібы паплыў, Выгляд горды ў Вані быў. І як толькі заявіўся, Нізка ў ногі пакланіўся. Кашлянуў і папытаў: «Ты нашто мяне падняў? Ты ж парушыў, цар, дамову...» Цар нахмурыў грозна бровы. Ён ускочыў і: «Маўчаць! - Як пачаў, пачаў крычаць. - Ты адказваць мне павінен! Я ж табе ні ў чым не вінен! Царскае схаваў дабро - Жараптушчына пяро?! Я не цар ужо - баярын?! Ах ты, нехрысць! Ах, татарын!» Тут Іван махнуў рукой: «Ціха, бацюхна! Пастой! Я ж і шапкі не паказваў, І нікому не расказваў. Як жа ў тайну ты пранік? Ты не цар, а чараўнік!» - «Мне не трэба гэта слава. Дзе пяро? Адказвай жвава!» - «Адкажу: няма пяра. Цуд не выламлю з рабра, Пра яго не чуў ніколі...» Тут як крыкне цар: «Даволі! Ты мне болей не пярэч, Бо зляціць галоўка з плеч!.. Ці згнаю цябе ў астрозе! Закатую!» - і ў знямозе Цар куфэрак адчыніў: Бляск усіх і асляпіў! «Ну, круцель, цяпер што скажаш За хлусню цябе я спляжу!» - «Ох, даруй мне, бацька цар, Перажыць мне дай удар. Больш хлусіць, табе клянуся, Нават крышку не вазьмуся». І зваліў яго спалох, Пластам на падлогу лёг. «Першым разам я дарую. Але потым, як пачую Ад цябе крутню-мутню, Галаву з плячэй сатну. Я такі! Паверыць можаш. Але ты мяне трывожыш: Ты хваліўся птушку Жар Раздабыць, прынесці ў дар, Каб аздобіць мне святліцу». - «Цар, даруй мне! Небыліца! Нехта зноў табе наплёў. Я паклясціся гатоў - Не хваліўся я нікому! Пра пяро - то тут самому Мне няёмка. А пра Жар... Што ты, што ты, валадар! Птушку гэтую не ведаў, Не хачу наклікаць бедаў». - «Ты спрачацца?! Ах, халоп! Ды табе за гэта ў лоб!.. - Аж затрос цар барадою. - На зямлі ці пад вадою Насаджу на кол цябе. Так рашаю. Не саб'е Ўбок ніхто мяне ніколі. Цар я! Не цярплю сваволю! Ды не думай, я не кат. Вось канкрэтны мой загад: Тыдні тры даю на ловы. І каб дар той адмысловы, Каб Жар-птушку мне прынёс. Сам рашаеш ты свой лёс! Вон, халоп!» Іван у слёзы: Ведаў царскія пагрозы. У адрыну да дружка Ён пайшоў, да гарбунка. А канёк, як толькі ўбачыў, Што Іванка ледзь не плача, Зразу перастаў скакаць І круціцца-віраваць. «Ванька, што ж ты невясёлы? Ты ж не босы і не голы, - Кажа так яму канёк, Сам жа круць-верць, як мянёк. - Шчыра мне ўсё раскажы, Што на сэрцы, на душы. Захварэў ты? Нездаровы? Палячыць цябе гатовы. Можа, нейкі ліхадзей Пад цябе падкоп вядзе?» Ён канька абняў, прылашчыў: «Чалавек я ўжо прапашчы... Цар пяро маё займеў І Жар-птушку захацеў. Не злаўлю - на кол насадзіць. Што ты можаш мне парадзіць?» І сказаў яму канёк, Даўгавухі гарбунок: «Каб мяне тады паслухаў, Не было б цяпер так туга. Але ты падняў пяро, І пайшло не на дабро. Толькі я скажу па дружбе: Гэта ўсё яшчэ не служба. Служба ўперадзе, Ванёк. Цяжкі будзе твой хлябок! Да цара ідзі, не грэбуй, І скажы, што ночвы трэба. А лепш - двое. І пшано, І заморскае віно. Каб далі ўсё па заказу Безумоўна, хутка, зразу. Выязджаем раніцой...» З трохі ўзнятай галавой - Добрыя пачуў парады! - Ваня крочыць у палаты. «Каб было, цар, шыта-крыта, Ночвы трэба ці карыты. І чысцюткае пшано, І заморскае віно. Каб усё без тралі-валі Слугі мне павыдавалі. Заўтра рана, ледзь усход, Мы адправімся ў паход». Цар паслухаўся Івана І паслаў сваіх падданых Па заказу ўсё набраць І Ванюшку паказаць, Каб упэўніўся, што тое, Не падмена, не другое. Малайцом яго назваў І - «Шчасліва!» - пажадаў. А назаўтра, вельмі рана, Разбудзіў канёк Івана: «Гэй, Іванка! Хопіць спаць! Трэба птушку даставаць!» Ваня наш хутчэй падняўся, У дарогу ўраз сабраўся. Двое ночваў і пшано, І заморскае віно Не забыў. Узяў і хлеба, Бо заўсёды ў ім патрэба. Жуючы на поўны рот, Скіраваў канька на ўсход. «Добра, што цяплей адзеўся!» - Наш Іван ямчэй усеўся, Лоб старанна пахрысціў І наўскач канька пусціў. Цэлы тыдзень праскакалі, Ля густога лесу сталі. І тады яму канёк, Даўгавухі гарбунок, Кажа гэтак: «Слухай, Ваня. Сярод лесу, на паляне Узвышаецца гара, Спрэс да верху з серабра. Там цячэ адна крыніца, Вельмі смачная вадзіца, І Жар-птушкі мкнуць туды, Каб напіцца той вады. Там засаду на іх зробім, Там Жар-птушку мы і зловім». Гарбунок, малы вушан, Між гарбоў сядзіць Іван, Выбягае на паляну. Заняло тут дух Івану: Што за цуд, за прыгажосць! Мора кветак-красак скрозь. А кране прывольны ветрык Каляровых красак нетры - Нібы іскры стуль ляцяць І вясёлкай зіхацяць. Пасярод жа той паляны, Нібы воблака, зіхмяна Угору мкне сама гара - Спрэс да верху з серабра! Быццам сонца там начуе, Канты ў золата фарбуе. Пішчык-верх тае гары Свечкай-полымем гарыць. Вось канёк па касагоры З Ванькам нашым лезе ўгору. Да крыніцы дабрылі, Ля якой шчэ не былі. Гарбунок Івану кажа: «Скора ноч тут скрозь заляжа. Сып у ночвы ты пшано, Лі заморскае віно, Размяшай усё ў іх разам. А сябе сам не паказвай. Пад другія ночвы лезь І закрыйся добра ўвесь. На світанні, да зарніцы, Птушкі будуць ля крыніцы. Як пачнуць пшано кляваць Ды па-свойму гергетаць, Ухапі адну, што бліжай! Птушка Жар табе не чыжык, Моцазна ў руках трымай, Крык «Напомач!» падымай. Падбягу сюды як бачыш». - «А ў Жар-птушкі хвост гарачы? Можна рукі апячы, Як схапіць і валачы». Не сказаў канёк нічога, Бо адольвала знямога. Знік дружок з яго вачэй: Падкарміцца бег хутчэй. Ваню ж справа - як забава. «Ха... Разумнік я, мне - слава: Рукавіцы захапіў!» - І, мармычучы матыў, Ванька ўсё зрабіў як трэба. Дажаваў астаткі хлеба, Пад начоўкі ўміг залез - Меў у гэтым інтарэс. Вось паўночнаю парою Цемра знікла над гарою, Сталі птушкі падлятаць, Ды ляцяць усё, ляцяць. Стаў гармідар тут вялікі, Лопат крылаў, сварка, крыкі. «Ды іх тут дзесяткаў з пяць! Д'ябал столькі змог сабраць... Каб усіх пералавіць Ды прадаць... Эх, можна б жыць! Не, замнога... Тут няўвязка... Хараство якое!.. Казка!.. Нашым курыцам да іх Ох, далёка...» І ў той міг Папаўзлі бліжэй начоўкі. Шлях Івана быў нядоўгі - Скок з-пад схованкі наўпрост Да Жар-птушкі - цап за хвост! «Гэй, канёчак-гарбуночак! Прыбягай хутчэй, дружочак! Ёсць адна! Схапіў! Злавіў!» Закрычаў, загаласіў. А Жар-птушкі - нуль увагі, Пап'янелі з пшоннай брагі, Пачалі мацней крычаць І не хочуць уцякаць. Гарбунок падбег імгненна. «Ты зрабіў усё адменна! А цяпер хутчэй, дружок, Пасадзі яе ў мяшок. Толькі завяжы старанна, - Кажа конік да Івана, - І на шыю мне прыладзь...» - «Пачакай, дай распужаць Мне Жар-птушак гэтых п'яных, Ад іх рыкаў несціханых Галава ажно трашчыць. Гэй, канчайце сваю сварку! Зачыняю гаспадарку!» І ўсё бегаў і ганяў, Рукавіцамі шпурляў. І нарэшце падняліся, Кругам вогненным звіліся, Пацягнуліся ў той бок, Дзе была гара аблок. Памахаў ім рукавіцай, Напаіў канька з крыніцы. Што ж, адклад ідзе не ў лад, Ехаць трэба ўжо назад. У сталіцу прыскакалі - І ў палац, хоць не чакалі. «Што - Жар-птушка ваша дзе?» - Тонам грозным цар вядзе. Сам за спальнікам цікуе - Як на ўсё ён рэагуе? Можа, спальнік гэты хлус? Ці патрэбен з ім хаўрус? З хвалявання і дакукі Спальнік згрыз сабе ўсе рукі. Ванька ж кажа: «Птушка тут... Толькі вось які статут: Вокны хай зачыняць служкі, Раптам не ўпільнуем птушкі?» І Ванюша свой мяшок Да стальніцы павалок. Слугі ўраз папрыбягалі Вокны ўсе пазачынялі. Мех на стол Іван падняў І аборку развязаў. Быў агульны выкрык: «Ах!» Быў ва ўсіх адзіны страх. Вочы ўсе пазатулялі, Ад стала паадступалі. Цар крычыць на ўвесь базар: «Ой, ратуйце! Ой, пажар! Вёдры ўсе хутчэй хапайце! І тушыце! Залівайце!» «Што ты, цар? Які пажар? Гэта свеціць птушка Жар! - Ледзь не ўпаў Іван ад смеху. - Бачыш, добрую пацеху, Бацька цар, табе здабыў...» - «Я заўжды цябе любіў, - Адказаў так цар Івану. - Службу справіў беззаганна. Чым жа аддарыць такім? Будзеш царскім страмянным [4] ». Як пачуў такое спальнік, Што ў канюшні быў начальнік, Мармытнуў сабе пад нос: «Ну, пастой, малакасос! Пакуль казку будуць баяць, Шмат разоў змагу абхаяць. Зноў цябе я падвяду, Дурань Ванька, пад бяду!» Мо праз дзён якія дваццаць Зборні пачалі збірацца, Кухары і ўвесь прыдвор, Малайцы як на падбор. Са збана мядочак смокчуць І як жарабцы рагочуць. Вельмі ж цешыў Еруслан, Хоць у сказках скрозь падман. «Эх, - адзін слуга сказаў, - Я сягоннячы дастаў У суседа цуд, не кніжку, Думаў, пачытаю крышку. А як сеў, дык і не ўстаць, І вачэй не адарваць. От цікава дык цікава!» - «Што нам гэткая заява? Ты вазьмі, брат, удружы, Хоць адну ды раскажы». - «Пяць у кніжцы гэтай казак, Дык якую ж мне расказваць? Адна казка пра бабра, А другая пра цара, А для трэцяга заходу - Пра баярыню з усходу. А ў чацвёртай - князь Бабыл. Казка пятая... Забыў! От жа памяць, от жа памяць... І не ўспомніць, і не ўцяміць. Круціцца на языку, Як сарока на суку». - «Пэўна, тамака дзяўчына, Пра яе і сказ-быліна?» - «Праўду кажаш!.. Дзеўка там, Праз яе ўвесь тарарам. Прыгажуня Цар-дзяўчына, І яна ўсяму прычына. Дык якую збаяць вам?» - «Пра цароў не трэба нам!» - «Пра дзявок паслухаць люба, Хоць яны для нас і згуба». - «Трэба ж неяк бавіць час!» І слуга пачаў расказ, Для раскачкі з насалодай Смактануў спаважна мёду. «У канцы зямлі ёсць край, Там разліўся не ручай. Там па моры-акіяне Ездзяць толькі басурмане. З праваслаўнае зямлі Людзі там шчэ не былі. З акіяна вельмі хутка Ад гасцей пайшла пагудка, І дайшоў сюды той гуд, Што жыве там дзеўка-цуд. Маці ў дзеўкі - месяц ясны. Сонца - брат яе прыязны. Дзеўку бачылі не раз, Выплывала на паказ У футэрку - заглядзенне, Бляск і чырвань на адзенні. Шлюпка золатам гарыць, Серабром вясло зіхціць. Песні хораша спявае І на гусельках іграе...» Спальнік тут з палатак скок! Прыпусціўся з усіх ног Да цара ў яго святліцу. Ледзь паспеў перахрысціцца, Аб падлогу грук ілбом, Аж уздрыгвае ўвесь дом: «Як з павіннай галавою, Цар, схіліўся прад табою. Гаварыць мне загадай, За дзярзоту не карай». - «Гавары, ды праўду толькі, Не хлусі мне тут ніколькі!» - З ложка цар яму крычыць. Спальнік мусіў гаварыць: «Сёння ў кухні мы былі, За цябе, наш цар, пілі. Пачалі расказваць казкі... Дык адзін з нас без падказкі Пра Цар-дзеўку расказаў, Прыгажуню - свет не знаў! І жыве на акіяне, Скрозь адны там басурмане... Дык твой царскі страмянны, Выхваляка запісны, Кажа: «Ведаю дзяўчыну. І паехаў бы ў краіну, Каб здабыць яе». Іван Меў зусім цвярозы стан! Барадой тваёй клянецца Ды яшчэ з цябе смяецца!» - «Гэй! Івана мне сюды! - Цар у гневе быў круты, - Прывядзіце таго блазна!» - Паказаў на двор выразна. А Іван так моцна спаў, Нібы цэлы дзень араў. Слугі Ваню разбудзілі І спачатку пасадзілі, Потым Ваню паднялі І ў палаты павялі. Спальнік зноў за печ схаваўся, Ён пачуць усё стараўся. «Пагаворым насур'ёз: На цябе прыйшоў данос. Сэрца зноў цару трывожыш... Сёння ты хваліўся: можаш Цар-дзяўчыну адшукаць, Хараства - не апісаць! - І прывезці назаўжды Да мяне ў палац сюды». - «Што ты, бацюхна! Як можна! Мо праз сон, неасцярожна Балбатнуў, чаго не след». - «Мне пярэчыць?! Дармаед! Ну і царства... Адны злыдні! Тэрмін я даю тры тыдні. Каб за гэты час дастаў Дзеўку і прад вочы стаў. Бо, клянуся барадою, На зямлі ці пад вадою Пасаджу на кол як бач. - І пракаркаў, як крумкач: - «Прэч, халоп!» Іван заплакаў: Ну не цар стаў, а сабака! І ў адрыну да дружка Ён пайшоў, да гарбунка. Кажа так яму канёк, Сам жа круць-верць, як мянёк: «Ванька, што ж ты невясёлы? Ты ж не босы і не голы. Шчыра мне ўсё раскажы, Што на сэрцы, на душы. Захварэў ты, нездаровы? Памагчы табе гатовы. Ці якісьці ліхадзей Пад цябе падкоп вядзе?» - «Зноў бяда мяне спаткала. Бацюхну Жар-птушкі мала. Цар-дзяўчыну хоча мець, Каб крыху памаладзець. І клянецца барадою, Што расправіцца са мною». Тут сказаў яму канёк, Даўгавухі гарбунок: «Каб мяне тады паслухаў, Не была б такая скруха. Але ты падняў пяро, І пайшло не на дабро. Ды скажу табе па дружбе: Гэта ўсё яшчэ не служба. Служба ўперадзе, Ванёк, Цяжкі будзе твой хлябок. Да цара ідзі ў палаты І для справы, не для платы Папрасі два ручнікі, Неўжываныя нікім. Шырыня - як можна болей! І ніхто каб, і ніколі Прыгажэйшых не знайшоў, Патрасуць хай царскі схоў. Як на месца мы прыбудзем, Мець таксама трэба будзе Шыты золатам шацёр Ды абедзенны прыбор, Не абы-які - саксонскі, І прысмакаў - лепш заморскіх. Хоць і цяжка на душы, Да цара Іван спяшыць, Без прадмовы пачынае І што трэба замаўляе: «Трэба мне два ручнікі, Неўжываныя нікім. Шырыня - як можна болей! І ніхто каб, і ніколі Прыгажэйшых не знайшоў - Перавернуць хай ваш схоў - Як на месца мы прыбудзем, Мець таксама трэба будзе Шыты золатам шацёр Ды абедзенны прыбор, Не абы-які - саксонскі, І прысмакаў - лепш заморскіх. Бо іначай не злавіць...» - «Малайчына! Так і быць!» - З ложка цар аднак не ўстаў, З ложка слугам загадаў У каморах ператрэсці, Падабраць усё, прынесці. Пажадаў яму: «Шчасліва! Каб хутчэй прывёз мне дзіва!» На дасвецці, вельмі рана, Разбудзіў канёк Івана: «Гаспадар мой! Уставай! Нас чужы чакае край!» Ваня хуценька падняўся, У дарогу ўраз сабраўся. Ручнікі ўзяў і шацёр, І абедзенны прыбор, Не абы-які - саксонскі, Смакаў розных, больш заморскіх. У мяшок дарожны склаў І аборкай завязаў. Не забыў, узяў і хлеба, Бо заўсёды ў ім патрэба. Жуючы на поўны рот, Скіраваў канька на ўсход. Восьмы дзень былі ў дарозе, Восьмы дзень жылі ў трывозе. Трапілі нарэшце ў лес, Ды з канька Іван не злез. «Бачыш, Ваня, вунь дарогу? Пойдзем ёю з асцярогай, Скора ўбачым акіян. Там Цар-дзеўка без заган Круглы год у адзіноце Па сваёй жыве ахвоце. Толькі два разы на год Адпраўляецца ў паход. На зямлю да нас прыходзіць, Доўгі дзень з сабой прыводзіць». Прыскакалі на мысок. Скрозь па беразе пясок. Хвалі зрэдку набягаюць, З шумам, пенай асядаюць. З гарбунка Іванка злез, Азіраецца на лес, Гарбунка па шыі гладзіць. А канёк яму і радзіць: «Тут во лепш... Стаўляй шацёр. Ручнікі сцялі. Прыбор Расстаўляй, кладзі прысмакі. Зробіць добра ўсё не ўсякі. Сам лажыся за шацёр І вядзі як след дазор. Бачыш? Шлюпка вунь мільгае! Цар-дзяўчына падплывае. Зойдзе хай, паесць, пап'е; А як песню запяе І на гуслях заіграе, - Лепшай хвілі не бывае. Смела ўнутр шатра ўбягай І Цар-дзеўчыну хапай. Мне ж крычы, каб бег на помач, Я дзе-небудзь буду побач. Ды глядзі - трымай фасон, Адганяй, як можаш, сон. Бо заснеш - пішы прапала, Бед надарыцца нямала». Гарбунок з вачэй прапаў, А Іван прасвідраваў Дзірку (ох, гэты хлапчына!), Каб падглядваць за дзяўчынай. Не цягнуўся б гэтак час, Каб цярпення быў запас. Падплыла дзяўчына ў поўдзень. «А куды спачатку пойдзе?» - Ванька думае, гадае. Дзеўка ж тузае, штурхае, Цягне шлюпку на пясок, Вось апошні ўжо рывок... Ваня дзеўку аглядае Нездаволена, а тая З гуслямі ідзе ў шацёр І садзіцца за прыбор. «Хо! Дык вось яна якая! А ў той казцы не такая. Там красуня хоць куды, З гэтай ссохнеш ад нуды, - Страмянны так разважае. - Бледная сама якая!.. Хараство дзе і краса? Каб дзяўчына ж хоць - аса! Тры вяршкі ўсяго ў абхваце. Што за стан! Цару не вадзіць. Ці палюбіцца яму? Я ж і дарма не вазьму. Куранячыя і ножкі... Не, такую б я ні трошкі Пакахаць, канёк, не змог. Ад такіх ратуй нас Бог!» Тут царэўна так зайграла І салодка заспявала, Што Іван, не ўцяміў як, Прыхінуўся на кулак І заснуў, нібы дзіцятка, Каля роднай сваёй маткі. Захад ціха дагараў... Гарбунок прыбег, заржаў, Ваню таўхануў пад бок: «Спіш, каханы гулубок? Можаш спаць ужо да ранку. Не мяне, канька, - Іванку Уссадзяць хуценька на кол!» Ваня ўчуў яго падкол І заплакаў, не стрымаўся, Шчыра гарбунку пакляўся: Больш ніколі не засне. «Ты даруй, канёчак, мне!» - «Бог няхай табе даруе, - Гарбунок яго шкадуе. - Ранкам дзеўка тая зноў Прыплыве, нібы дамоў. Можа, Ваня, гэтак стацца - Пашанцуе адыграцца. А як толькі зноў заснеш - Кары царскай не мінеш!» І прапаў з вачэй канёк, А Іван наш з усіх ног Прыпусціў да акіяна, Дзе прыбой цягаў старанна І выкідваў рэшткі зноў Ад разбітых караблёў. З іх цвікоў дастаў нямала: Сну насунецца навала - Будзе сам сябе калоць, Каб дрымоту пабароць. Новы ранак наступае, Цар-дзяўчына падплывае. Толькі сонцава сястра Не спяшае да шатра. Покуль шлюпка стала толкам, Зноў валтузілася доўга. Потым з гуслямі ў шацёр І адразу за прыбор... А як дзіўна заіграла І салодка заспявала, Зноў прыйшоў аднекуль сон, Ледзь не ўзяў яго ў палон. Але Ванька не паддаўся, На дзяўчыну раззлаваўся: «Ах ты, дрэнь! Мяне дурыць?! Хочаш зноў заваражыць?» - І ў шацёр ён убягае, За касу яе хапае. «Эй, канёк, хутчэй бяжы! Гарбуночак, памажы!» - «Ну, Іван, ты малайчына! Дык мацней трымай дзяўчыну. Што ў яе цяпер наўме, Мы не знаем. На мяне Трэба вам хутчэй садзіцца, І паскачам у сталіцу». Толькі селі - і канёк Прыпусціўся з усіх ног... Ля палаца бег спынілі. Тут іх зразу акружылі... Да царэўны выбег цар: «О, які цудоўны дар!» І, ступаючы няпэўна, У палац вядзе царэўну. Вочы ў вочы ёй глядзіць, Ад кахання аж дрыжыць. Пасадзіў за стол дубовы. Галасочак стаў мядовы: «Як не бачыў - уздыхаў, А пабачыў - пакахаў! Сэрца ты майго зарніца! Пагаджайся быць царыцай! Зноў я стаў, як малады, Зноў жаніх я хоць куды! Чары-дзівы твае вочы Не дадуць мне спаць уночы, Не дадуць забыцца ўдзень, Хоць трубі, як той алень. Скажаш ласкавае слова - Да вяселля ўсё гатова, - Заўтра ж пойдзем возьмем шлюб! Не маўчы... Табе я люб?» Ні паўслова не сказала, Бы цара не існавала, Адвярнулася ў куток - Мо такі дала зарок? Цар ніколькі не ўзлаваўся, Яшчэ болей закахаўся. На адно калена стаў, Ручкі ёй абцалаваў. Як дурыў, зноў дурыць голаў: «Ці табе я не пад нораў? Хіба ёсць мая віна, Што я п'яны без віна?» І адказвае царэўна Ціха, ласкава, не гнеўна: «Калі хочаш заняволіць, Трэба просьбу задаволіць. Трэба за тры дні дастаць - Хопіць там яму ляжаць - Мой пярсцёнак з акіяна». - «Гэй! Падаць сюды Івана!» - Цар адразу закрычаў І ледзь сам не паімчаў. Да цара Іван прыходзіць, Думае: «Эх, зноў нашкодзіць! Ну - не цар стаў, а тыран!» - «Едзь хутчэй на акіян! - Царскі голас грозны, гнеўны. - Персцень з дна дастань царэўнін! А дастанеш мне яго, Надару табе ўсяго». - «Я ледзь-ледзь цягаю ногі Яшчэ з першай той дарогі. А ты зноў на акіян...» - Кажа так цару Іван. «Як ты, шэльма, мог забыцца?! Я ж хачу з ёй ажаніцца! Мо глухі ты? Чуў загад? Каб з пярсцёнкам ты назад За тры дні вярнуўся. Ясна? Яшчэ лепш, калі дачасна». Тут Іван хацеў пайсці, Каб пустое не чаўпці. «Ваня, слухай! Ты ж разумны... Ты ў мой церам ізумрудны Па дарозе завітай. Мамачцы паклон аддай, - Так сказала Цар-дзяўчына. - А як знойдзецца хвіліна, Далікатна распытай... Толькі, цур, не папракай! Скажаш: дочка ведаць хоча, Чаму маці па тры ночы Ад яе хавае твар? Днём такі ж гняткі цяжар, Бо і братка мой харошы Стаў таксама многа горшы. Хоць бы промнік мне паслаў! Хоць бы вестачку падаў! Як захутаецца ў хмары - Быццам адбывае кару». - «А хто маці і хто брат? Не казаць жа мне наўгад». - «Слухай! Месяц - мая маці. Сонца - мой капрызны брацік». - «Зразумела. Я пайшоў!» - «Праз тры дні - назад! Дамоў!» - Цар яму крычыць у спіну. Ваня хутка іх пакінуў. І ў адрыну да дружка Ён пайшоў, да гарбунка. «Зноў Іванка невясёлы... А не босы ж і не голы, Шмат усякае яды...» - «Каб жа толькі той бяды! Бач, надумаў цар жаніцца, Робіць дзеўчыну царыцай. Ім пярсцёнак падавай, З акіяна даставай. Церам трэба нам знайсці, К сонцу, к месяцу зайсці. Месяц ясны - яе маці, Сонца - большы яе брацік. Ды не проста завітаць - Пра яе ўсё расказаць, Распытаць пра сёе-тое, Вось заданне, брат, якое... Гарбуночак, выручай, Бо мяне бярэ адчай!» - «Я скажу табе па дружбе: Гэта ўсё яшчэ не служба. Служба ўперадзе, Ванёк. Цяжкі будзе твой хлябок! Заўтра ўстанем вельмі рана, Паімчым да акіяна. Сёння ж не перажывай, Спаць лажыся, спачывай». Паўставалі ў добры час. Тры цыбуліны ў запас Ваня ўзяў, адзеўся цёпла, На канька залез, галёкнуў... Эх, няблізкі ў хлопца шлях! Ды раскажам мы пасля Вам пра ўсё... Крыху спачну, Потым зноў пісаць пачну.

Популярные книги

Канёк-гарбунок

Поделиться книгой

arrow_back_ios