У палескай глушы

Колас Якуб

Колас Якуб - У палескай глушы скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

Якуб Колас

У палескай глушы

Першая кніга трылогіі «На ростанях»

I

- А, гэта ты, бабка! Ну, прысядзь, пагаворым трохі!

- Я пастаю, панічок... У вас так ціха, я думала, што вы ўжо спіцё, а вы ўсё з гэтай кніжкай, - сказала, прысаджваючыся, бабка.
- Прабачайце, панічок: я прыйшла запытацца - ці баліць яшчэ ў вас галава, ці перастала?

- Перастала, бабка, перастала!
- сказаў малады настаўнік, звярнуўшы ўвагу на сваю галаву і як бы прыслухаўшыся да яе.
- Забыўся нават, што яна і балела!

- Ну, панічок мой родны, як сабе хочаце: хочаце верце, хочаце не верце, а я вам, далібог, шаптала!

- Ты і мне шаптала?
- здзівіўся настаўнік.
- Калі ж гэта ты ўмудрылася пашаптаць? Я нават і не прымеціў.

- Во вы тут сядзелі, чыталі, а я з кухні праз дзверы шаптала... Не гневайцеся: далібог, шаптала!

Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу - яна была тут старожкаю - прыйшла ў незвычайны рух, вочы яе ажывіліся, а на твары адзначылася ўнутраное перакананне ў сіле свае здольнасці.

- Напэўна, гэта ты мне памагла, бабка, - сказаў настаўнік, усміхнуўшыся.

- Ой, панічыку, вы ўсё смеяцеся, не даяце веры. Не верыце ніяк мне, старой!

- О не, бабка: веру, веру! Аб тваім знахарстве ўсюды кажуць: у Хатовічах, у Малкавічах, у Ганцавічах - усюды!

- Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старое Мар'і, - з гордасцю прамовіла бабка.

- І як гэта ты, бабка, шаптаць навучылася?

- Навучылася, панічыку, навучылася!

- А хто цябе навучыў?

- Ой, панічок, вы ўсё хочаце ведаць!

- А што ж, бабка: навучыўся б, і да мяне хадзілі б людзі, і я памагаў бы ім.

- Няможна гэта, панічыку!

- Чаму няможна? Хіба грэх?

- Няможна!

- Мусіць, бабка, ты з нячыстай сілай знаешся?

- Бог з вамі, панічок! Што вы сказалі проціў ночы?! Няхай Бог крые! І не ўспамінайце вы яе!.. Ва імя Айца і Сына і Святога Духа!

Старая паляшучка, знахарка Мар'я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз.

- А што ж яна мне зробіць, гэтая нячыстая сіла? Я не баюся яе, бо яе, бабка, наогул няма.

- Гэ, панічыку, вы яшчэ маладзенькі, мала на свеце жылі.

- Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць Богу, трошкі пажыла-такі, а скажы ж мне, ці бачыла ты хоць раз нячыстую сілу?

- Не кожнага, панічок, яна налучае, - ухілілася старая ад простага адказу.

- А я табе, бабка, скажу, каго яна налучае. Наколькі я ведаю, яна найбольш прывязваецца да п'яных цёмных людзей і то ўночы.

Старожка з гэтым не згадзілася і паківала галавой. А настаўнік, яшчэ зусім малады хлопец, які нядаўна прыехаў у першую сваю школку ў глухой палескай вёсцы, ледзь-ледзь усміхнуўся сам сабе, пэўны ў тым, што старая няіменна раскажа пра здарэнне з нячыстай сілай. Яму вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры.

- Я вам, панічок, не буду многа казаць, бо вы ўсё роўна не верыце, хоць, можа, і верыце часам, але кажаце, што не верыце. Ды калі не верыце мне, то паслухайце, няхай вам раскажа мой Міхалка. Вы ж ведаеце майго Міхалку? А калі яму не паверыце, спытайце людзей. Міхалка тады дзецюком яшчэ быў. Ішоў ён з Сяльца. І ноч была не цёмная. Чулі, можа, Сяльцо, недалёка ад нашай вёскі, вярста - не болей? Гэта - выселкі з нашае ж вёскі, двароў дзесяць. Ён і жонку ўзяў адтуль. Дык вось, панічыку, быў ён там - на вячоркі туды хадзіў, покі не жаніўся. На паўдарозе між Сяльцом і вёскай старая карчма стаіць, якраз напроціў могілак. Там невялічкае балотца ёсць, і рэчачка адтуль зачынаецца, малюсенечкая, і злучаецца з другой рэчкай, што ў нас Целяшовым Дубам завецца. І вось, як толькі мінуў ён карчму, дык на яго штось і накінулася - і не звер, і не чалавек. Так проста і налятае на яго. Хоча злавіць яго - не зловіць: нешта голае і слізкае, ні шэрсці, ні адзежы. Міхалка адкіне яго рукою, а яно зноў, а яно зноў. І вось, не паверыце, панічыку, парвала на ім новую світку да самага каўняра. Змогся бедны хлопец і ў непрытомнасці ў хату ўвайшоў. Скажаце, п'яны быў, дык зроду ж не п'е Міхалка, у рот гарэлкі не бярэ. І праляжаў ён пасля гэтага ў гарачцы тры месяцы, насілу на ногі падняўся.

Лабановіч - так звалі маладога настаўніка - слухаў апавяданне з вялікай цікавасцю. Спярша яму было крыху смешна, але, па меры таго як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна - непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Мільёны і болей гадоў жыве гэта вера, пачаткі яе загублены ў цёмным віры прошласці, і да гэтага часу людскі розум не патрапіў вызваліцца з аблады гэтага чмучэння...

«Цікава!.. Трэба будзе калі падумаць над гэтым», - зазначыў сам сабе настаўнік. Але, як відаць, была ў яго яшчэ і іншая думка, і ён, нечакана для сябе самога, спытаўся:

- Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта?

- Гэ, панічыку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!

- І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек!
- прамовіў малады настаўнік, хутчэй да сябе самога, і задумаўся.

Галава яго крыху схілілася набок, цёмныя вочы, у якіх часта адбівалася нейкая затоеная думка, пазіралі, не міргаючы, у кут пакоіка, але нічога не бачылі, яны як бы пазіралі на тую думку, якая цяпер заварушылася ў яго галаве.

Старая бабка звярнула на гэта ўвагу і з нейкім страхам і цікавасцю пазірала на свайго «паніча».

- А што вы, панічыку, так задумаліся?

Лабановіч ускінуў на яе вочы і засмяяўся.

- А ведаеш, бабка, хочаш, я скажу табе, што ты цяпер думаеш?

Бабка здзівілася яшчэ болей, а настаўнік, не чакаючы яе адказу, прамовіў:

- Ты, бабка, пазірала на мяне і думала: «Калі гэты паніч яшчэ не з'ехаў з глузду, то з'едзе».

Старожка пазірала яму ў вочы, моцна здзіўленая, а Лабановіч, прыдаўшы важны выраз твару, сказаў:

- Ты, бабка, не думай таго: не адна ты знахарка. Я, можа, яшчэ выдатнейшы знахар за цябе.

- А што ж, панічыку, усё можа быць, - як бы з нейкай пакрыўджанасцю адказала бабка.

- Ты плюнь, бабка, на гэта, бо ўсё гэта - глупства, а лепш вось што: скажы ты мне, бабка, чаго мы на свеце жывём?

Бабка не ведала, які тон ёй узяць, каб не памыліцца, і сказала:

- Гэ, панічок: што вы так усё пытаецеся?.. Гляджу я на вас і дзіўлюся: сядзіць сабе, як той манашак, і ўсё ў гэтыя кніжкі пазірае. Паглядзелі б трохі, і годзе. А то калі ні прыйдзеш, вы ўсё ў кнігі гледзіце. Хіба можна так пільна і доўга пазіраць у іх?
- І, памаўчаўшы, дадала: - Сушаць яны, і болей нічога.

- Дык ты, бабка, не ведаеш, чаго мы на свеце жывём?

- Не, панічок, не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць.

- Так, бабка: ты кажаш праўду. Не ведаем мы, чаго на свеце жывём.

- А навошта, панічыку, і ведаць? Жыве чалавек і жыве, пакуль Бог яму прызначае. А прыйдзе час яму памерці - памрэ.

- А дрэнна, бабка, што трэба ўміраць!

- Што вы, панічыку, усё пра смерць гаворыце! Дзіўны вы, панічок, далібог! Вось той паніч, што быў перад вамі, бывала, пойдзе куды: ці да пана падлоўчага, або да Курульчука на будку. Там паненка была, ой, прыгожая паненка! Яе цяпер дома няма, а вось прыедзе, дык пабачыце самі!

- А хіба ж тут паненкі ёсць?
- зацікавіўся Лабановіч.

- О, панічыку, чаму ж няма!

Бабка пачала пералічаць і расхвальваць паненак. Перш-наперш у валаснога пісара іх цэлых чатыры. Праўда, воласць адгэтуль за пятнаццаць вёрст. Але ёсць паненкі і бліжэй: за сем вёрст дачка каморніка. Усе панічы ў гэтай акрузе закаханыя ў яе. Ёсць яшчэ паненка на хутары за тры вярсты.

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.