Чалавек натоўпу

По Эдгар Аллан

По Эдгар Аллан - Чалавек натоўпу скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

Эдгар Алан По

Чалавек натоўпу

Ce grand malheur, de ne pouvoir être seul.

La Bruyère

Пра адну нямецкую кнігу было добра сказана, што „es läßt sich nicht lesen” — яна не дае сябе прачытаць. Бываюць таямніцы, якія не даюць сябе выказаць. Штоночы людзі паміраюць у сваіх ложках, сьціскаючы рукі духовых спаведнікаў, жалосна зазіраючы ім у вочы — паміраюць з роспаччу ў сэрцы й сутаргамі ў горле дзеля агідных таямніцаў, якія не выносяць таго, каб іх раскрывалі. Часам аднак чалавечае сумленьне бярэ на сябе такую цяжкую ў сваёй страшлівасьці ношу, што скінуць яе можна толькі ў магільны дол. I так сутнасьць усяго злачыну застаецца неразгаданая.

Ня так даўно, адным восеньскім надвячоркам, я сядзеў каля вялікага вакна ў кавярні D—— у Лёндане. Ужо колькі месяцаў я быў хворы, але цяпер пачынаў вяртацца да здароўя і, адчуваючы, як дадаецца сіла, перабываў у адным з тых шчасных настрояў, якія становяць дакладную процілегласьць ennui — настрояў найвастрэйшага хаценьня, калі спадае смуга з разумовага зроку — αχλυς η πριν επηεν — і ўзварушаны інтэлект нагэтулькі перавышае свой будзённы стан, як жывы й востры розум Ляйбніца вар’яцкую й нетрывалую рыторыку Горгія. Мяне радавала ўжо проста магчымасьць дыхаць; я знаходзіў нават нейкую прыемнасьць у тым, што звычайна спрычыняе боль. Я адчуваў спакойнае але дапытлівае зацікаўленьне да ўсяго. З цыгараю ў роце й газэтаю на каленях я прабавіў большую частку вечара то вывучаючы абвесткі, то разглядаючы стракатую публіку ў залі, то пазіраючы праз замглёныя шыбы на вуліцу.

Гэта была адна з галоўных праезных вуліцаў у горадзе, цэлы дзень на ёй было поўна людзей. Аднак, калі апускаўся змрок, натоўп рабіўся штораз люднейшы; у сьвятле ўжо запаленых ліхтароў два густыя няспынныя патокі гарадзкога жыхарства пасьпешліва праплывалі міма дзьвярэй. Мне ніколі не даводзілася быць у падобнай сытуацыі ў гэткую вечаровую часіну, і таму шумлівае мора чалавечых галоваў напаўняла мяне чароўнаю навізною пачуцьця. Нарэшце я зусім забыўся пра кавярню й цалкам захапіўся агляданьнем вулічнага відовішча.

Напачатку мае назіраньні абмяжоўваліся абстракцыямі й абагульненьнямі. Я глядзеў на праходняў ва ўсёй іхнай масе й думаў пра іх у сукупе іхных дачыненьняў. Неўзабаве аднак я перайшоў да дэталяў і пачаў з падрабязным зацікаўленьнем разглядаць незьлічоную разнастайнасьць постацяў, адзеньня, настрою, хады, позіркаў і выразаў твару.

Пераважная большасьць тых, хто прамінаў кавярню, мела задаволены й дзелавы выгляд і думала, здавалася, толькі пра тое, як прабіцца праз тлум. У іх былі насупленыя бровы й заклапочаныя вочы; сутыкнуўшыся зь іншымі падарожнікамі, яны не выяўлялі ніякіх знакаў нецярплівасьці, а толькі папраўлялі вопратку й пасьпешліва мкнулі далей. Іншыя ж, якіх таксама было нямала, вылучаліся неспакойнымі рухамі й расчырванелымі тварамі, яны гаварылі самі з сабою, заўзята махаючы рукамі, нібы адчувалі самоту якраз з прычыны гушчыні навакольнага натоўпу. Калі нехта стрымваў іхны рух наперад, гэтыя людзі раптам пераставалі мармытаць і пачыналі ўдвая шырэй махаць рукамі, чакаючы зь няшчыра-безуважнай усьмешкай на вуснах пакуль іх абміне сустрэчная перашкода. Калі іх штурхалі, яны шчодра кланяліся штурхальніку і, здавалася, моцна бянтэжыліся. — У людзей гэтых дзьвюх групаў не было нічога асабліва выразнага, апрача таго, што я заўважыў. Іх убраньне належала да таго гатунку, які справядліва завецца добрапрыстойным. Гэта без сумневу былі арыстакраты, гандляры, юрысты, камэрсанты, біржавыя маклеры — эўпатрыды й банальнасьці грамадзтва — людзі зусім вольныя ад заняткаў або надзвычай занятыя нейкімі сваімі клопатамі — самастойным вядзеньнем нейкіх справаў. Яны ня надта вабілі маю ўвагу.

Адразу можна было пазнаць племя службоўцаў; сярод іх я вылучаў дзьве выразныя катэгорыі. Гэта былі дробныя клеркі з навамодных фірмаў — маладыя джэнтэльмэны ў абцягнутых сурдутах, бліскучых чаравіках, з густа намашчанымі валасамі й надзьмутымі вуснамі. Калі ня браць пад увагу пэўную фарсістасьць у паставе, якую за адсутнасьцю лепшага слова можна назваць кляркунствам, манеры гэтых людзей здаваліся мне дакладным адбіткам таго, што за год-паўтара перад тым лічылася вяршыняю бон тону. Яны падабралі адкіды дабрачыннасьці вышэйшага грамадзтва; — у гэтым, на маю думку, заключаецца найлепшае акрэсьленьне згаданае групы.

Катэгорыю вышэйшых службоўцаў салідных фірмаў, або „старых надзейных прыяцеляў”, цяжка было зблытаць зь некім іншым. Яны пазнаваліся зь іх цёмных або чорных сурдутаў і нагавіцаў, пашытых дзеля зручнейшага сядзеньня, насілі яны таксама белыя гальштукі й камізэлькі, шырокія самавітыя чаравікі і тоўстыя шкарпэткі або гетры. — Усе яны былі лысаватыя, а правае вуха ў іх, гадамі прызвычаенае трымаць асадку, паводле дзіўнага звычаю было крыху адтапыранае ўверсе. Я заўважыў, што яны заўсёды здымалі й надзявалі капялюш абедзьвюма рукамі, а яшчэ насілі гадзіньнікі на кароткім залатым ланцужку трывалага старадаўняга ўзору. Яны ўсяляк удавалі самавітасьць, калі толькі можна ўдаваць штосьці нагэтулькі паважнае.

Нямала траплялася мне зухаватых з выгляду асобінаў, што належалі, як я лёгка разумеў, да пароды кішэньнікаў экстраклясы, якімі поўняцца ўсе вялікія гарады. Я разглядаў гэтае племя зь вялікай цікавасьцю і ніяк ня ног уявіць, як могуць прымаць іх за джэнтэльмэнаў самі джэнтэльмэны. Неабсяжнасьць іхных манжэтаў у спалучэньні з выразам празьмернае шчырасьці на твары адразу іх выдавала.

Шулераў, якіх я таксама заўважаў нямала, распазнаць было яшчэ лягчэй. Яны былі ўбраныя вельмі розна: і як мацёрыя напарстачнікі — у вэльвэтавыя камізэлькі з каляровымі хусткамі вакол шыі, залачонымі ланцужкамі й філігранавымі гузікамі, або як падкрэсьлена незаўважны сьвятар, які менш за ўсё мог выклікаць падозраньні. I аднак усе яны вылучаліся нейкай прыпухлай смуглявасьцю твараў, бляклай замглёнасьцю вачэй, бледнасьцю сьціснутых вуснаў, Да таго ж, былі яшчэ дзьве рысы, зь якіх я заўсёды мог іх распазнаць; — асьцярожная сьцішанасьць тону ў размове і вялікі палец на руцэ, больш чым звычайна адстаўлены прастакутна да іншых пальцаў. — Вельмі часта, у кампаніі з гэтымі круцялямі, мне траплялася парода людзей, што хоць і мелі крыху іншыя манеры, усё роўна былі птушкі з тае самае чарады. Іх можна было б акрэсьліць джэнтэльмэнамі, якія жывуць з свае спрытнасьці. Яны, як выглядае, палююць на людзей у двух атрадах — фарсуноў і вайскоўцаў. Галоўныя азнакі першае групы — даўгія валасы й заўсёдная ўсьмешка; другое — мундур з аксэльбантамі й насупленыя бровы.

Апускаючыся, так сказаўшы, па шкале арыстакратычнасьці, я знайшоў больш змрочныя й глыбокія тэмы для разважаньняў. Я бачыў жыдоўскіх вулічных гандляроў зь ястрабінымі вачыма, якія глядзелі з твараў, дзе ўсе іншыя рысы былі пазначаныя пакорлівым прыніжэньнем; дужых прафэсійных жабракоў, што злосна касавурыліся на больш прыстойных з выгляду просьбітаў, якіх толькі нясьцерпная роспач выгнала ў змрок ночы па міласьціну; хвараблівых і страхотных інвалідаў, на якіх сьмерць ужо паклала сваю цьвёрдую руку, якія, няпэўна валочачы праз натоўп свае кволыя целы, умольна зазіралі кожнаму ў твар, нібыта шукаючы нейкага неспадзяванага суцяшэньня, нейкай страчанай надзеі; сьціплых маладых дзяўчат, што вярталіся пасьля доўгай і позьняй працы ў панурыя дамы і сьціскаліся, больш ад страху, чым ад абурэньня, пад позіркамі нахабных нягоднікаў, якіх было нават не абмінуць, каб яны не прыціснуліся сярод натоўпу; вулічных жанчын самага рознага веку й гатунку — неаспрэчную прыгажуню ў найлепшым жаночым веку, што нагадвае Лукіянаву статую, з абліччам з пароскага мармуру і з поўным гнюснага бруду нутром — агідную й безнадзейна пагіблую пракажаную ў лахманах — паморшчаную, завешаную аздобамі, абмазаную пудрамі й памадамі старую чапялу ў апошнім намаганьні вярнуць маладосьць — зусім малое дзіця зь нясьпелымі формамі, спрактыкаванае праз багаты досьвед ва ўсіх страшных манернасьцях свайго рамяства, ахопленае шалёным памкненьнем параўняцца ў заганах з старэйшымі; незьлічоных і неапісальных п’яніцаў — адных у палапленым рызьзі, што маўкліва хісталіся на бакі, з пабітымі тварамі й тускнымі вачыма — другіх у цэлым, але брудным адзеньні, з крыху няпэўнай фанабэрлівай хадою, з тоўстымі гарачымі вуснамі і з прыязнымі расчырванелымі тварамі — іншых, чыё адзеньне некалі было добрае, а й цяпер яшчэ было старанна выгладжанае шчоткай — людзей, якія йшлі ненатуральна цьвёрдаю й пругкаю хадою, але твары ў якіх былі сьмяротна бледныя, вочы жахліва-дзікія й чырвоныя, якія, праціскаючыся скрозь натоўп, чапляліся дрыготкімі пальцамі за ўсё, што трапляла ім пад руку; апрача ўсіх гэтых — пірожнікаў, насьбітоў, вугальшчыкаў, сьмецяроў; катрыншчыкаў, малпаводаў і складальнікаў балядаў, тых, хто гандляваў імі і тых, хто сьпяваў; абадраных рамесьнікаў і зьнясіленых работнікаў усіх гатункаў, і ўсё гэта было поўнае шумлівай і бязладнай жывасьці, якая рэзала вуха і ад якой балела ўваччу.

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.