З'яўленне містэра Кіна

Кристи Агата

Кристи Агата - З'яўленне містэра Кіна скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

Агата Крысці

З’яўленне містэра Кіна

Быў пярэдадзень Новага году.

У вялікай гасцёўні засталіся толькі старэйшыя сябры кампаніі, што сабралася ў Ройстане: моладзь, на радасць містэру Сатэртуэйту, пайшла спаць. Містэру Сатэртуэйту не падабалася, калі маладых людзей збіралася занадта шмат, бо ён лічыў іх нецікавымі і грубаватымі. Ім не хапала нейкай вытанчанасці, а чым далей, тым больш містэр Сатэртуэйт цаніў у людзях менавіта яе.

Гэтаму трохі ссутуленаму сухарляваму джэнтльмену з пільным позіркам і тварам, у якім праглядала штосьці па-эльфійску гарэзлівае, было шэсцьдзесят два, і ён надзвычай моцна цікавіўся справамі іншых. Усё сваё жыццё ён нібыта праседзеў у першым шэрагу партэра, назіраючы самыя розныя чалавечыя драмы, што разгортваліся перад ім. Яму заўсёды даставалася роля назіральніка, і толькі цяпер, трапіўшы ў ціскі старасці, ён зразумеў, што ставіцца да прапанаваных яму драмаў усё больш патрабавальна і што яму хочацца чагосьці зусім незвычайнага.

Не было ніякіх сумневаў, што на такія рэчы ў яго сапраўднае чуццё. Ён інтуітыўна ведаў, калі драма набліжаецца, бо ўлоўліваў яе пах, як баявы конь. Прыбыўшы сёння ў Ройстан, ён адчуў унутры дзіўнае хваляванне і зразумеў: трэба быць напагатове. Нешта цікавае ўжо пачалося ці вось-вось пачнецца.

Гасцей у доме сабралася няшмат. Апроч Тома Іўшэма, зычлівага і вясёлага гаспадара, і яго сур’ёзнай жонкі, якая цікавілася палітыкай і якую ў дзявоцтве звалі лэдзі Лора Кін, тут былі сэр Рычард Конвэй, вайсковец, падарожнік і паляўнічы, яшчэ шасцёра ці сямёра маладых людзей, чые імёны містэр Сатэртуэйт не запомніў, а таксама Порталы.

Менавіта Порталы зацікавілі містэра Сатэртуэйта найбольш.

Алекса Портала ён раней не сустракаў, але шмат пра яго чуў і ведаў ягоных бацьку і дзеда: Алекс выявіўся тыповым прадстаўніком роду. Гэта быў мужчына гадоў сарака, са светлымі валасамі і блакітнымі вачыма — як ва ўсіх Порталаў. Ён займаўся спортам, добра разбіраўся ў гульнях і быў цалкам пазбаўлены ўяўлення. Нічога асаблівага — тыповы прадстаўнік рэспектабельнага ангельскага грамадства.

Але жонка яго была зусім іншай. Містэр Сатэртуйт ведаў, што яна аўстралійка. Два гады таму Портал падарожнічаў па Аўстраліі, там сустрэў яе, ажаніўся і прывёз дадому. У Англіі яна раней ніколі не бывала. І ўсё ж яна адрознівалася ад усіх вядомых містэру Сатэртуэйту аўстраліек.

Цяпер ён цішком назіраў за ёй. Цікавая жанчына, вельмі цікавая. Такая ціхая — і такая жывая! Жывая! Так, менавіта жывая! Не зусім прыгожая — не, прыгожай яе не назавеш, але ёсць у ёй нейкая фатальная чароўнасць, якой мужчына — любы мужчына — не можа не паддацца. Так казала мужчынская частка яго натуры, тым часам як жаночая (а ў містэру Сатэртуэйту было шмат жаночага) задавалася не менш цікавым пытаннем. Навошта місіс Портал фарбуе валасы?

Ніякі іншы мужчына не мог бы гэтага заўважыць, але містэр Сатэртуйэт — мог. Такое ён заўважаў. І гэтыя фарбаваныя валасы збівалі яго з панталыку. Многія брунэткі перафарбоўваюцца ў бландынак, але ён ніколі не чуў пра бландынак, які пафарбаваліся б у цёмны колер.

Усё ў ёй вельмі яго інтрыгавала. Інтуітыўна ён адчуваў, што яна альбо цалкам шчаслівая, альбо зусім няшчасная, але што дакладна — ён зразумець не мог, і гэта вельмі яго трывожыла. Да таго ж яна неяк дзіўна ўплывала на свайго мужа.

— Ён ад яе ў захапленні, — сам сабе адзначыў містэр Сатэртуэйт, — але часам… Так, часам ён проста яе баіцца! Цікава-цікава… Надзвычай цікава…

Портал піў зашмат — гэта было відавочна. І яшчэ ён неяк дзіўна глядзеў на жонку, калі тая пазірала ў іншы бок.

— Нервы, — адзначыў містэр Сатэртуэйт, — гэты чалавек — проста клубок нерваў, і яна гэта ведае, але нічога з гэтым не робіць.

Пара гэтая здавалася яму ўсё цікавейшай. Штосьці вось-вось здарыцца, але што — ён не разумеў.

Гэтыя развагі перарваў урачысты бой вялікага гадзінніка ў куце.

— Дванаццаць! — сказаў Іўшэм, — Новы год пачаўся. Усім шчаслівага Новага году! Але насамрэч гадзіннік спяшаецца… Не разумею, чаму дзеці не захацелі застацца і сустрэць Новы год.

— Не думаю, што яны напраўду пайшлі спаць, — спакойна сказала яго жонка. — Магчыма, яны падкладаюць нам у ложкі шчоткі для валасоў ці штосьці яшчэ. Такія рэчы заўсёды іх забаўляюць, але чаму — не ведаю. У часы майго юнацтва мы сабе нічога такога не дазвалялі.

— Autre temps, autre moeurs*, — з усмешкай сказаў містэр Конвэй.

* Іншыя часы, іншыя норавы.

Гэта быў высокі мужчына з ваеннай выпраўкай, такога ж тыпу, што Іўшэм — шчыры і дабрадушны, але без вялікіх прэтэнзіяў на інтэлект.

— У часы майго юнацтва мы ўсе браліся за рукі і, стаўшы ў кола, спявалі тую песню Бэрнса… — працягнула лэдзі Лора. — “Старую дружбу і любоў забыць і не тужыць…” * Мне заўсёды здавалася, што гэта вельмі кранальна.

* “Старую дружбу і любоў забыць і не тужыць…” — першыя радкі верша Роберта Бэрнса “За дружбу!”, якую традыцыйна спяваюць пасля таго, як гадзіннік праб’е пачатак новага году. Радок узяты з перакладу, зробленага Язэпам Семяжонам (зборнік “Вам слова, Джон Ячмень!”, 1983).

Іўшэм затрывожыўся.

— Ох, Лора, не трэба, — прамармытаў ён. — Не тут.

Ён пачаў мераць крокамі гасцёўню (астатнія сядзелі на месцах), потым запаліў яшчэ адну лямпу.

— Я ляпнула глупства, — sotto voce* прамовіла лэдзі Лора, — і нагадала яму пра беднага містэра Кейпла. Дарагая, вам не надта горача ля каміна?

* Ціхім голасам

Элеанор Портал рэзка страпянулася.

— Дзякуй. Я трошкі адсуну крэсла назад.

Які ў яе быў цудоўны голас! Адзін з тых нізкіх і прыглушаных галасоў, водгукі якіх надоўга застаюцца ў памяці, падумаў містэр Сатэртуэйт. Цяпер яе твар закрываў цень. Шкада.

Па-ранейшаму схаваная ценем, яна спытала:

— Містэр Кейпл?

— Але. Раней гэтым домам валодаў ён. Ён застрэліўся — ох, ну, вы ж ведаеце! Добра, Том, дарагі, калі не хочаш, я не буду пра гэта расказваць. Безумоўна, для Тома гэта было вялікае ўзрушэнне, бо акурат тады ён быў тут. І вы былі — праўда, сэр Рычард?

— Усё правільна, лэдзі Лора.

І тут стары дзядоўскі гадзіннік у куце зарыкаў, захрыпеў, астматычна засоп і ўрэшце прабіў дванаццаць.

— Шчаслівага Новага году, Том, — сам сабе прабуркатаў Іўшэм.

Лэдзі Лора задуменна адклала вязанне.

— Вось мы і сустрэлі Новы год, — адзначыла яна, гледзячы на місіс Портал. — І што вы, мая дарагая, пра гэта думаеце?

Элеанор Портал тут жа ўскочыла на ногі і легкаважна адказала:

— Спаць і толькі спаць!

“Яна зусім збляднела, — падумалася містэру Сатэртуэйту, і ён таксама падняўся, каб заняцца падсвечнікам. — Раней яна не была такой бледнай”.

Ён запаліў свечку і перадаў яе місіс Портал з забаўным і трошкі старамодным паклонам. Падзякаваўшы, яна ўзяла свечку і пачала марудна падымацца наверх.

Раптам у містэра Сатэртуэйта з’явілася вельмі дзіўнае жаданне — пайсці за ёй і ў чымсьці пераўпэўніць. Яго не адпускала незразумелае адчуванне, што ёй пагражае нейкая небяспека. Але жаданне знікла, і містэру Сатэртуэйту зрабілася сорамна. Ён разнерваваўся. Падымаючыся сходамі, яна не зважала на мужа, але цяпер нечакана павярнула галаву і паглядзела на яго доўгім запытальным позіркам. У ім была такая сіла, што містэр Сатэртуйэт адчуў сябе ніякавата.

Ён заўважыў, што жадае гаспадыні добрай ночы з некаторай трывожнасцю.

— Спадзяюся, Новы год і праўда будзе шчаслівым, — сказала лэдзі Лора, — але мне здаецца, што палітычная сітуацыя не абяцае нават найменшай пэўнасці.

— Цалкам з вамі згодны, — сур’ёзна кіўнуў містэр Сатэртуэйт, — цалкам згодны.

— Застаецца спадзявацца, — тым самым тонам працягнула лэдзі Лора, — што першы наш госць будзе з цёмнымі валасамі. Вы ж ведаеце гэтую прыкмету, містэр Сатэртуэйт? Не? Вы мяне здзіўляеце. Калі першы, хто ў новым годзе пераступіць парог, будзе брунэтам, ён прынясе дому шчасце. Божа, спадзяюся, у маім ложку не будзе чагосьці ўжо вельмі жахлівага! Дзецям нельга давяраць — з іх энергія так і б’е.

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.