Quo Vadis

Сянкевіч Генрык

Сянкевіч Генрык - Quo Vadis скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать
Quo Vadis ( Сянкевіч Генрык)

Генрык Сянкевіч

Quo Vadis

Раман

Henryk Sienkiewicz

Quo Vadis

Пераклад з польскай мовы ксяндза Пятра Татарыновіча

La Parrocchia dei santi Protomartiri Romani in Roma `e lieta di poter collaborare con il Comitato editoriale «SAFIJA» della Parrocchia Greco-Cattolica di Polack, all’edizione in lingua bielorussa del libro «Quo vadis».

Che questo libro di grande portata culturale, il quale presenta una testimonianza indelebile del martirio dei primi cristiani, possa servire da invito per tutti і cristiani e per tutti gli uomini di buona volontа in Bielorussia, per rivalorizzare la testimonianza perenne di tutti і martiri bielorussi degli ultimi decenni.

Il nostro augurio `e che questa edizione in cirillico della traduzione fatta a Roma, giunga alle mani dei lettori in Patria e contribuisca al rafforzamento della lingua e della cultura bielorussa.

Парафія святых Рымскіх Першапакутнікаў у Рыме разам з выдавецтвам «САФІЯ» Грэка-Каталіцкай Парафіі ў Полацку з радасцю супрацоўнічае ў выданні кнігі «Quo vadis» па-беларуску.

Спадзяемся, што гэтая каштоўная ў плане культуры кніга, якая прыносіць сведчанне пакутніцтва першых хрысціянаў, зможа заахвоціць усіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі ў Беларусі асэнсаваць каштоўнасць сведчання ўсіх беларускіх пакутнікаў апошніх дзесяцігоддзяў.

Нам хацелася б, каб гэтае кірылічнае выданне перакладу, зробленага ў Рыме, трапіла ў рукі чытачоў на Бацькаўшчыне ды спрычынілася да ўмацавання беларускай мовы ды культуры.

ББК 84 (4 Пол) С 99 УДК 884

Г. Сянкевіч

Quo Vadis

Пераклад з польскай мовы ксяндза П. Татарыновіча Прадмова, каментары, транслітарацыя лацінічнага тэксту ў кірылічны і рэдагаванне Вітаўта Мартыненкі Публікацыя падрыхтаваная паводле выдання: Henryk Siаnkievic «Quo Vadis» выдавецтва «'Znic»

Рым, 1956 — 476 стар.

Ініцыятар выдання Вітаўт Мартыненка сардэчна дзякуе грамадскім структурам «БМАgroup» (Віталь Супрановіч), «Дыярыюш» (Ларыса Андросік) за прад’юсарскую апеку і тэхнічную падтрымку гэтай працы, дзякуючы якім праз дзесяцігоддзе блуканняў па выдавецкіх структурах Беларусі яна нарэшце выходзіць у свет.

Адмысловая падзяка выдавецтву «Сафія» з Полацку ды Парафіі святых Рымскіх Першапакутнікаў у Рыме, без дапамогі якіх гэтая кніга не змагла б пабачыць свет.

СВОЙ СЯРОД ЧУЖЫХ

Рым. Амаль 50 гадоў таму выдавецтва «Зніч», заснаванае ў Вечным горадзе беларускімі эмігрантамі, выдае грунтоўную творчую працу ксяндза Пятра Татарыновіча — беларускі пераклад аднаго з найпапулярнейшых раманаў Г. Сянкевіча «Quo Vadis». Працу, якою сын Палескіх пушчаў хацеў дасягнуць замірэння сваіх думак аб радзіме з адчуваннямі жыцця эмігранта, «свайго сярод чужых»… Чаму менавіта «Quo Vadis»?

Бадай, гістарычны раман аб кароткім перыядзе прадчування развалу вялікай Рымскай імперыі — гэта раман не толькі з рымскай гісторыі; гістарычны раман аб першых кроках нікім не прызнаваных «нефармальных суполак» хрысціян — гэта раман не толькі з гісторыі хрысціянства.

Ініцыятары першага беларускага (Рым, 1956) выдання невыпадкова зазначылі ў рэдакцыйнай прадмове: «Чаму спаміж гэтулькі іншых пякучых літаратурных неабходнасцяў мы выбралі іменна гэтую? Шмат злажылася на гэта матываў ды імператываў, але ўспомнім толькі аб найгалаўнейшым, аб той удараючай аналагічнасці, а праз тое й актуальнасці ды павучальнасці ейнай узрушлівай эпізодыкі да сянняшніх, у многім так падобных, падзеяў».

Пільнае сэрца адчуе, што павучальнасць гэтай эпізодыкі ў нашыя дні не толькі не аслабела, але выявілася яшчэ больш выразна. А тое, што над беларускім перакладам рамана працаваў каталіцкі святар — Пётр Татарыновіч, пакінула і пэўны гістарычны адбітак. Узяць хоць бы факт, што беларускае рымскае выданне гэтага свецкага твору — адно з нешматлікіх у свеце, выпушчаных пад афіцыйным грыфам «З дазволу Духоўных Уладаў», што робіць кнігу ў пэўным сэнсе больш важкім аргументам для тых, хто шукае разумення хрысціянскае маралі. І разам з тым беларускі пераклад нічым не абмежаваны ў параўнанні з іншымі вядомымі тэкстамі гэтага выдатнага твора мастацкай літаратуры, і перш за ўсё ў параўнанні з арыгіналам.

Адным словам, прэлат Пётр Татарыновіч зрабіў цудоўны падарунак усім беларусам — і католікам, і праваслаўным, і атэістам… — данёсшы да іх твор сусветнай класікі на роднай мове. Ды вось бяда — амаль 50 гадоў доступ да плёну гэтай творчай працы мелі ўсе беларусы, акрамя тых, што жылі ў самой Беларусі: раскіданая па свеце беларуская дыяспара ў Італіі і Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Бельгіі, Аргентыне і Аўстраліі… добра і даўно ведае гэты зграбны белы томік з аскетычнай двухколернай аздобай, у якую ўключана выява старажытных румовішчаў. Паспелі ўжо скончыцца й спрэчкі вакол вартасцяў ды недахопаў беларускага перакладу. Але тут такая знакамітая праца дагэтуль была невядомая зусім.

Мне асабіста давялося пазнаёміцца з кнігай у 1990 годзе, калі творчыя сцяжынкі завялі мяне ў далёкую Канаду. Больш таго, таронцкі беларускі пісьменнік Кастусь Акула прэзентаваў мне сапраўдны рарытэт — томік з аўтографам самога перакладчыка. Ягонай рукою на пажоўклай ад часу паперы фронтыспіса накрэслена: «Вельмі паважанаму і дарагому спадару Кастусю Акулу на адудзячную памятку. П. Татарыновіч».

Кастусь Акула казаў тады: «Жыццё не вечнае, таму не хачу, каб гэты рэлікт прапаў разам са мною. У вас, ёсць надзея, ужо не прападзе».

Так, ужо не прападзе. А былі ж часіны, калі падобныя кнігі пільна вылоўліваліся сеткамі мытных цэрбераў савецкай сістэмы. Зразумела, табу было накладзена не на сусветную класіку, а на працу, зробленую беларускімі эмігрантамі, якая яўна замінала правядзенню савецкай так званай «інтэрнацыянальнай» палітыкі. Дый самі асобы эмігранцкіх дзеячаў былі ахутаны злавеснай сеткай плётак і домыслаў.

А што ж у сапраўднасці?

Звестак пра ксяндза П. Татарыновіча да нас дайшло няшмат (нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Гайнін на гераічнай Случчыне, у 1919 годзе высвячаны на святара лацінскага абраду, на мяжы 40 — 50-х гадоў плённа дзейнічае ў Рыме на ніве стварэння беларускай праграмы «Радыё Ватыкан», у 60-х гадох пад псеўданімам В. Карасевіч з’яўляюцца ягоныя гістарычныя артыкулы ў чыкагскім навуковым беларускім часопісе ‘’Litva’’, памёр у Рыме ў 1978 годзе), але ўсе яны сведчаць аб палымяным патрыёце, галоўная думка якога была пра Беларусь. Ці не пераканаўчае сведчанне памкненняў шчырага сэрца — і беларускі пераклад гэтага сусветнавядомага раману.

Трэба сказаць, што праца ксяндза П. Татарыновіча выйшла ў свет крыху незвычайна — па-беларуску, але не кірылічным шрыфтам, а лацінічным.

Незвычайна для нас, але звычайна для тых, хто выхоўваўся на двухварыянтнай «Нашай ніве», хто чытаў выдаваныя і кірылічным, і лацінічным шрыфтам творы Ф. Багушэвіча, Я. Коласа… І беларускі «Quo Vadis» выйшаў лацінкай не таму, што ў Рыме не знайшлося кірылічнай друкарні (там нават у свой час выдаваўся кірыліцай часопіс «Хрысціянскія навіны»), а таму, што так апрацаваў кнігу перакладчык, якому лацінка была бліжэйшая. Пётр Татарыновіч і свой пераклад «Бібліі» ды нават згаданы вышэй аўтограф пісаў лацінкаю.

Каб прапанаваць працу ксяндза П. Татарыновіча айчыннаму масаваму чытачу, давялося ўсё ж зрабіць транслітарацыю тэкста. У выніку сучаснай моўнай палітыкі лацінка істотна была адсунута ад масавага чытача, таму падобныя ранейшыя выданні захоўваюцца цяпер хіба як адметы часу і, мабыць, са спадзевай, што інтэлект адукаванага беларуса калі-небудзь вернецца да свабоднага валодання абодвума варыянтамі графічнага афармлення нашае мовы.

Трэба хіба зазначыць, што транслітарацыя рабілася без інтэрвенцыі ў стылістычную стыхію перакладчыка. Адно, што адчула змены, — гэта граматыка, бо лацінка паводле нормаў Б. Тарашкевіча трансфармавалася ў кірыліцу не «тарашкевіцкую».

Прапануемае выданне рыхтавалася з улікам бытуючых цяпер нормаў правапісу: гэта і графічна не выяўленая мяккасць зычных (не жыцьцё, пацьвярджэньне, а жыццё, пацвярджэнне), і іншая форма дапасавання разнастайных моўных марфем (па-добраму, быў бы замест падобраму, быўбы).

Разам з тым трэба зазначыць, што ў беларускім тэксце Татарыновіча нярэдка сустракаюцца відочныя паланізмы, русізмы (эвентуальна, быстрэйшая, зыск). Дзеля захавання стылістыкі аўтара мы пакідалі іх, але ў выпадках, калі ён ужывае побач з барбарызмамі і словы іставетна беларускія, захоўваючы стыль, мы рабілі ўшчыльненне беларускай стыхіі за кошт арсеналу выяўленчых сродкаў самога перакладчыка (скажам, у большасці выпадкаў, хоць не ўва ўсіх , быстрэйшая заменена на хутчэйшую).

Так што Татарыновічава праца ў гэтым выданні засталася працай менавіта Татарыновіча, у якой паўстае выразна адметная беларуская моўная стыхія. Зразумела, можна было б зрабіць дасканала бясспрэчны пераклад, і такі мо яшчэ з’явіцца на беларускіх кніжных даляглядах, як з’яўляліся па-беларуску «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча (у двух поўных перакладах), «Песня пра зубра» М. Гусоўскага (у трох перакладах), «Гамлет» У. Шэкспіра (у двух перакладах) і г.д. Але цяперашні выхад у свет працы менавіта гэтай разам з падставамі для спрэчак нясе ў сабе і процьму адкрыццяў, цэлую скарбонку моўных перлінаў, якія без П. Татарыновіча маглі б проста згубіцца, збедніўшы наш інтэлектуальны патэнцыял.

Скажам, слова харавод, аказваецца, не абавязкова патрабуе замены на карагод, бо па-беларуску можа абазначаць зусім іншае паняцце — кіраўнік хору, дырыжор. А вось яшчэ яскравы прыклад: здавалася, ужо зусім трывала прапісаліся ў беларускай мове, асабліва цераз прэсу, такія ўварванцы-чужынцы, як мядуза, вустрыца, бахрама. Нават калькаванне іх адбываецца самым барбарскім спосабам — без істотных адаптацыяў у нашай мове. П. Татарыновіч жа знаходзіць сапраўдныя дыяменты, якія зусім не патрабуюць для беларуса чужынскіх запазычанняў: мядузу ён называе красамоўным словам лямпрыска, для вустрыцы адшукаў выразны беларускі адпаведнік астрыга, а няпэўная ў нашай мове бахрама ў яго прыгожа называецца фрэндзлямі.

Мова П. Татарыновіча, нягледзячы на прысутнасць пэўнай долі варварызмаў (ці барбарызмаў), нясе ў сабе не толькі фрагментарнае адчуванне іставетнай беларускасці ў асобных удалых словах, але і выяўляе цэлую структуру, нават сістэму структур, хай сабе новую, татарыновіцкую, але глыбока беларускую. Да прыкладу, ён не скажа «закаханы ў Крэсыду», робячы з беларускіх словаў расейскія моўныя канструкцыі, а шукае непаўторнага гучання па-беларуску ўсяго паняцця, і жывая моўная практыка падказвае яму — «закаханы ў Крэсыдзе». Нават вядомыя ўжо ў практыцы беларускай мовы паняцці ў Татарыновіча знаходзяць новыя формы выяўлення: скажам, пра паважную, мерную гутарку аднаго з персанажаў раману ён зазначае, што той «гаварыў зпавагу», а «нарожны дом» у яго — гэта зусім не абдрукоўка ад наружнага, вонкавага, а проста дом, які стаіць на рагу вуліцы. Калі чалавек страціў прытомнасць, а яго спрабуюць вярнуць да жыцця, дык насамперш прыбягае ў голаў найменне гэтаму — апрытомліваць. Татарыновіч жа не йдзе механічным канструктывісцкім шляхам, знаходзячы жывое слова чуліць.

Калі зноў жа звярнуць увагу на барбарызмы ў лексіцы перакладу П. Татарыновіча, дык нельга не адзначыць відочнае імкненне беларусізаваць тыя чужародныя запазычанні, з-за чаго часам паўстаюць цікавыя і выразныя неалагізмы. Скажам, польскае na razie (у гэты момант, пакуль) у яго ператварылася ў беларускае нараз. І гэта, бадай, больш натуральна ўжываецца ў структуру беларускае мовы, чым грувасткая шматслоўнасць у гэты момант. Напрыклад: «Нараз устаў, скінуў з сябе тогу…»

Па шчырасці, гарманічнасць структуры мовы П. Татарыновіча настолькі моцна ўплывае на чытача, што, прынамсі, у мяне асабіста, тройчы прачытаўшага гэтую кнігу, ужо не павернецца язык сядравы дзень назваць звыкла халодным, пасербаў пасынкамі, пажогу абпаленым матэрыялам. Нават калі даводзіцца клясціся ўсімі святымі, я скажу проста, па-татарыновіцку: «На ўсіх святых!»

Асобна трэба звярнуць увагу на тое ў мове перакладчыка, што перакладу не падлягае: на імёны і назвы. У гэтым пытанні і ў свеце не выпрацавана адзінай пазіцыі.

Асаблівую цяжкасць складаюць старажытнагрэцкія й старажытнарымскія імёны.

Скажам, беларускі перакладчык-элініст Ян Пятроўскі, што жыве на Фларыдзе, ужывае формы Сакратэс, Пратагорас, Пармэнідэс. Гэтыя імёны сустракаюцца і ў «Quo Vadis», але гучаць ужо іначай: Сакрат, Пратагор, Пармэнід. У каго тут памылка?

Цікава, што па выхадзе беларускіх перакладаў Яна Пятроўскага прыгаданы вышэй пісьменнік Кастусь Акула адгукнуўся нават эпіграмай:

…Адзін наш доктар-тэалог

Пастанавіць ніяк не мог:

Пісаць Сакратэс? Сакратус?

Людзей загнаў тым у канфуз…

І хоць эпіграма тая не беспадстаўная, наўрад ці пытанне трэба ставіць гэтак катэгарычна. У гэтай кнізе чытач таксама сустрэне персанажы, якіх называюць то Хілон Хіланід — то Хілон Хіланідэс, то Сэнэцый — то Сэнэцыён, якога пры тым трэба не зблытаць з Сэнэкам. Мо і Татарыновіч «пастанавіць ніяк не мог»? Ды наўрад ці трэба тут шукаць уніформаў ды абвінавачваць у памылковасці. Бо й самі героі раману абмяркоўваюць гэтыя праблемы, турбуючыся, чаму Рымская імперыя дазваляе грэкам перайначваць рымскія імёны… Дык што дзівіцца, калі Геракл праз Гераклеса лёгка становіцца Геркулесам? Рымская імперыя жыла шматмоўем, набліжаным да трасянкі, чым і тлумачацца розначытанні ў тэксце раману, да выяўлення якіх імкнуўся яўна не кожны перакладчык. Мімаволі ці свядома ў перакладзе Татарыновіча адбілася рэальная моўная сітуацыя старажытнага Рыму, які паступова страціў не толькі сваё светаўладства, але і сваю мову.

Ну а такія разыходжанні ў напісанні назваў, як Гішпанія — Іспанія, сцыты — скіфы і г. д., выкліканы папросту суб’ектывізмам кожнага народу ў асэнсаванні пэўных гукавых спалучэнняў ды яшчэ ў рознай графічнай афарбоўцы, дзе адзінства апрыёры не можа быць. Варта зазначыць хіба, што ў выбары адпаведных варыянтаў з гэтага шырокага спектру П. Татарыновіч спыніўся на тых, якія найбольш блізка адпавядаюць фанетыцы беларускай мовы.

Такім чынам, перад чытачом кніга, якая з’яўляецца скарбам шматкротна памножанай каштоўнасці: яна бо знаёміць з скарбам сусветнай літаратуры, дэманструе моц творчай скарбонкі нашай нацыянальнай дыяспары ў свеце, пашырае скарбніцу нашага гістарычнага светаўяўлення і фармуе гэта сродкамі, якія ўзбагачаюць наш нацыянальны моўны скарб. Беларусы разам з усім светам святкуюць юбілеі гэтага скарбу — дзесяцігоддзі, стагоддзі, тысячагоддзі… але далучаюцца да яго ўпершыню шырокай аўдыторыяй. Дык далучаймася!

Вітаўт МАРТЫНЕНКА

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.