Страшны год

Аляхновіч Францішак

Аляхновіч Францішак - Страшны год скачать книгу бесплатно в формате fb2, epub, html, txt или читать онлайн
Размер шрифта
A   A+   A++
Читать
Cкачать

Францішак Аляхновіч

Страшны год

НЕЧАКАНЫЯ ГОСЬЦІ

Я тады працаваў на электрычнай станцыі ў Вільні... У вячэрнія гадзіны тры разы на тыдзень мы зьбіраліся на лекцыі літоўскае мовы... Праз пару дзён ужо быў назначаны экзамэн, які меўся вырашыць пытаньне, хто з нас застанецца на працы, а хто — павялічыць лік беспрацоўных...

Гадзіна 6 увечары. Лекцыя скончылася. Разыходзімся. Я вяртаюся дахаты, думаючы аб блізкіх экзамэнах. Каб не “праваліцца”! Цяжка мне давалася літоўская мова!

І канчаючы ўжо шосты дзясятак гадоў майго жыцьця, я перанёсься ў шчасьлівыя дзіцячыя гады, калі пытаньне аб тым, ці вытрымаеш экзамэны і ці пяройдзеш у вышэйшую клясу, зьяўлялася найважнейшым. Цяпер пытаньне, што стаяла перада мной, было таксама не малой вагі: ці буду мець магчымасьць зарабляць на хлеб для сябе і сваёй сям’і? Сівы чалавек, бацька дзяцей, я перажываў перадэкзамэнацыйныя эмоцыі школьніка. Было мне і страшна, і сьмешна, і крыўдна...

Прыбліжаючыся да Зялёнага мосту, я глянуў і — адзервянеў. Праз мост у бок Кальварыйскай вуліцы каціліся–грукаталі нейкія вазы–скрыні. З круглых, адчыненых на іх вежаў высоўваліся галовы у шэрых сьпічастых шапках...

Гэта былі яны: бальшавікі!..

Прафэсар М.Зьдзяхоўскі, які памёр перад сучаснай вайной у Вільні, не дачакаўшыся бальшавікоў, верыў, што бальшавізм зьяўляецца творам нячыстых сілаў. Ён, падыходзячы да справы містычна, зусім шчыра і паважна пісаў, што ў сучасны мамэнт пачынаюць збывацца прадбачаныя ў Апакаліпсісе падзеі...

Пры спатканьні з бальшавікамі мяне агартае страх. Гэта ня толькі ведамы кажнаму чалавеку страх сьмерці. Тут ёсьць нешта болей. Хто з нас, пражыўшы больш за паўсотні гадоў, не глядзеў сьмерці ў вочы! Гэта іншы страх. Гэта страх дзіцяці, зачыненага ў цёмным пакоі, якое баіцца чагосьці нерэальнага. Гэта страх, які перажываем у сьне, змагаючыся зь нечым і ня могучы яго перамагчы, калі непаслухмяныя рукі ня могуць нанесьці забойчага ўдару, а ногі ня здолеюць варушыцца, каб уцячы...

І мне часам прыходзіць на дум, ці запраўды ў факце існаваньня бальшавізму няма чагосьці “патустароньняга”, бо, глянуўшы на гэтыя шапкі, на гэтыя чырвоныя зоркі, я перажываю містычны страх, нібы я спаткаўся з чортам...

Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся.

УЦЁКІ

Няздольны, як у сьне, да лягічнага разважаньня, я пабег да свае хаты. Там яшчэ нічога ня ведалі. “Бальшавікі прыйшлі!” — я першы прынёс гэтую вестку.

У гэты мамэнт мне здавалася, што я не павінен ні аднае ночы начаваць у сябе дома. Я сеў на аўтабус і паехаў у другі канец гораду да прыяцеля. Тут мы пачалі ўсебакова разважаць палажэньне. Мы прыйшлі да гэткага выснаву: бальшавікі тут ужывуць іншую тактыку, чымся ўсюды дагэтуль. Літва — незалежная дзяржава, Літва — што атрымала так нядаўна ад бальшавікоў Вільню, Літва — што падтрымоўвала прыязныя адносіны з СССР — перажыве працэс саветызацыі ў павольным тэмпе, шляхам эвалюцыйным. Ня будзе раптоўнай ломкі з НКВД, падваламі, расстрэламі. Яшчэ ня хутка пачне зямля гарэць пад нагамі. А цяпер яшчэ можна даўжэйшы час сядзець спакойна і глядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Чорт яшчэ пакуль што будзе сядзець спакойна, схаваўшы свае капцюры ў рукавічках. Гэтак мы тады думалі, гэтак пацяшалі сябе ў гэты непацешны час.

Але ў сваёй хаце мне, аднак, начаваць не хацелася.

На другі дзень радыё апавясьціла, што ўцёк прэзыдэнт рэспублікі Смэтона.

На трэйці дзень я пайшоў да прыяцеляў і мы рашылі назаўтра ўвечары перабірацца ў Нямеччыну.

Падзеі шпарка ішлі. Прыяцелі безь мяне пастанавілі прысьпешыць час выезду. Заміж увечары, выехалі ўраньні. Мяне не маглі паведаміць, бо мяне трудна было знайсьці — я не начаваў дома. Паехалі на граніцу, у бок Нямеччыны. Я застаўся. Даведаўшыся аб іхным ад’езьдзе, пагнаўся за імі. Цягнікі тады хадзілі акуратна. Я знайшоў іх на аўтобуснай станцыі ў Коўні. Мы паехалі ў прыгранічнае мястэчка Л. Добра. У кампаніі сьмялей.

Едзем. Ня маем яшчэ ніякага пляну датычна пераходу граніцы. На мейсцы пабачым, разьмяркуем, вырашым... За Коўняй на кажным масточку — савецкая варта. Кілёмэтар за кілёмэтрам пралятаем шпарка. Нарэшце, на нейкай рэчцы мост — бяз варты. Я штурхнуў у бок майго прыяцеля:

— Бачыш?

— Бачу.

— Тут іх няма...

— Няма...

Мы ўздыхнулі: бальшавікі да граніцы яшчэ не дайшлі.

А вось і мястэчка Л. Жыдкі абкружылі аўтабус. Публіка высядае. Прыехала пара ксяндзоў, літоўскі афіцэр, нейкія цывільныя, у іхным ліку і мы...

Мы знайшлі патрэбнае знаёмства... Пераначавалі... Знайшоўся і шофэр са сваім аўтам. Мы з камфортам паехалі да граніцы. Затрымаліся ў хутары чвэрць кілёмэтра ад граніцы. На стале зьявілася гарэлка і закуска. Наша прабываньне тут павінна мець характар вясёлага пікніку, на выпадак, калі б заглянула сюды пагранічная старожа. Мы глядзелі праз вакно: вось там, за гэтым гародам горка, на ёй бачна хатка. Гэта ўжо — за граніцай! Але каб было больш пэўна — тутэйшы чалавек правядзе нас праз гэты гародчык, паможа нам несьці нашыя клункі. Гэтак блізка! Там бальшавікі ўжо нас не дастануць!

Прыбегла, задыхаўшыся, дзяўчына.

— Пагранічная старожка, — кажа па літоўску, — атрымала тэлефонную вестку: з мястэчка Л. дзьве гадзіны таму выехалі два грузавікі з бальшавікамі абстаўляць граніцу...

Нельга марнаваць часу. Гарэлка і закуска засталася стаяць на стале, як стаяла. Мы схапілі свае клункі. Кінуліся ў гарод. Адзін за адным, гуськом пабеглі мяжой у кірунку хаты, што стаяла на горцы. На самай граніцы — рэчка. Там нас затрымала нямецкая старожа...

ЗА МЯЖОЙ

Спачатку прымежнікі гавораць з намі строгім тонам, пасьля, даведаўшыся, хто мы, перамянілі тон на больш ветлы. Вядуць нас у сваю старожу. Адносіны ўжо зусім добрыя. Трактуюць нас сваімі цыгарамі. Паслалі ў суседнюю вёску па хурманкі. Яшчэ перад захадам сонца павезьлі нас у найбліжэйшае мястэчка. Там мы пераначавалі ў камэндатуры. На другі дзень павезьлі нас цягніком у горад С. Мае таварышы ўжо даўно рыхтаваліся да выезду у Нямеччыну. Яны падрыхтавалі сабе грунт. У нямецкім прадстаўніцтве ў Коўні атрымалі дазвол на пераезд у Нямеччыну. Мой выезд быў непрадбачаны, дазволу я ня меў. Мае таварышы засталіся, мяне — скіравалі назад на граніцу. Ня я адзін апынуўся ў гэткім няўдалым палажэньні. Разам са мной скіроўвалі на граніцу аднаго зь віленскіх адвакатаў, які перабіраўся ў Варшаву. Яго ў горадзе С. судзілі, далі яму за нелегальны пераход граніцы тры дні астрогу і пасьля адсідкі перакідалі назад у Літву.

НАЗАД...

У выгодным аўта ехалі мы... назад... Вось і пагранічная старожа. Прыехалі хутка. Цяпер палудзенная гадзіна. Мы расьселіся на траўцы, курылі папяросы і чакалі. Нявесела было нам. Вокны казармаў былі адчыненыя. Быў бачны рух у кухні, дзе кухаркі варылі страву для жаўнераў. Ужо сонца падыходзіла да небасхілу, калі мы пачулі ў кухні гутарку, ад якой нам мурашкі прабеглі па целе. А можа мы недачулі? Можа нешта ня так? Мой таварыш добра гаварыў па нямецку. Ён пайшоў да нашага сымпатычнага афіцэра, каб праверыць чуткі...

Але. Гэта была праўда. Нядаўна, пад вечар, ня больш гадзіны часу таму, на граніцу зьявіліся бальшавікі... Ужо і гэты адрэзак літоўска–нямецкай мяжы заняты бальшавікамі. Але што казаць бальшавікам, калі апынемся на іхным баку? Уцякаем зь Нямеччыны? А якія дакуманты? У мяне пашпарт, выдадзены ў Вільні і зарэгістраваны толькі ў Вільні. Казаць, што заблудзіліся? Але дзе былі? Мой кумпан раіць: скажам, што былі ў гасьцях у маёнтку. У якім? У каго? Няма што казаць, няма выкруту...

Скачать книгуЧитать книгу

Предложения

Фэнтези

На страница нашего сайта Fantasy Read FanRead.Ru Вы найдете кучу интересных книг по фэнтези, фантастике и ужасам.

Скачать книгу

Книги собраны из открытых источников
в интернете. Все книги бесплатны! Вы можете скачивать книги только в ознакомительных целях.